Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
04 снежня 2020, 13:30

Лукашэнка пра каранавірус: сітуацыя няпростая, але яна пад кантролем

4 снежня, Віцебск /Кар. БЕЛТА/. Сітуацыя з каранавірусам у Беларусі няпростая, але яна пад кантролем. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на пасяджэнні абласнога штаба па пытаннях процідзеяння каранавіруснай інфекцыі ў Віцебскай вобласці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Сітуацыя ў свеце вельмі напружаная, калі не сказаць больш. Няпростая сітуацыя і ў Беларусі. Ёсць такая фраза, якую мы ўсе вымаўляем: сітуацыя няпростая, але пад кантролем", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што прыехаў у Віцебск, каб пераканацца ў рэальным стане спраў на месцах з лячэннем людзей. "Лячэннем наогул і на злобу дня - каранавірус", - растлумачыў кіраўнік дзяржавы.

Пра айчынны вопыт

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што менавіта з Віцебскай вобласці ў пачатку гэтага года ў Беларусі пачалася хваля захваральнасці на каранавірусную інфекцыю. "Тут назапашаны велізарны вопыт у лячэнні людзей", - канстатаваў кіраўнік дзяржавы. Напрыклад, у Віцебскім абласным раддоме яшчэ ў першую хвалю прынялі рашэнне раздзяляць маці, заражаных COVID-19, з іх здаровымі нованароджанымі малышамі да таго часу, пакуль жанчыны не паправяцца. Гэта мера прынята, каб пазбегнуць магчымага заражэння дзяцей. Хоць СААЗ у гэтым пытанні рэкамендуе не разлучаць маці і дзяцей насуперак патэнцыяльнай рызыцы заражэння.

"Мы назапасілі ўласны вопыт барацьбы з гэтым злом, - канстатаваў Прэзідэнт. - Мы навучыліся лячыць людзей".

Забяспечанасць абсталяваннем

Наступны аспект, на які звярнуў увагу беларускі лідар, - забяспечанасць абсталяваннем. Адносна сітуацыі з каранавірусам на асаблівым кантролі знаходзіцца колькасць апаратаў для штучнай вентыляцыі лёгкіх. У Беларусі задзейнічана каля 500 апаратаў ШВЛ з 2,5 тыс. існуючых у наяўнасці. "Апаратаў ШВЛ дастаткова. І мы зробім усё, каб нашы ўрачы не адчувалі ў гэтым дэфіцыту", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Работа рэгіянальных штабоў

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што зыходзячы з вопыту, атрыманага ў час першай хвалі захваральнасці, сваю эфектыўнасць даказалі рэгіянальныя штабы па пытаннях процідзеяння каранавіруснай інфекцыі. Таму цяпер было прынята рашэнне аднавіць іх работу. Яны павінны канцэнтравацца на арганізацыі лячэння людзей, паставак сродкаў аховы, лякарстваў. "Калі ў нас ёсць магчымасць мабілізаваць усе сілы і рэсурсы на вырашэнне той ці іншай праблемы, тады ёсць і вынік. А хто можа гэта арганізаваць у Віцебскай вобласці? Вядома, губернатар са сваімі падначаленымі. Ён сёння адказвае за гэтыя праблемы, лячэнне людзей больш, чым за якія-небудзь іншыя, таму што на кон пастаўлена жыццё нашых людзей", - сказаў Прэзідэнт.

Паводле яго даных, абстаноўка ў Віцебскай вобласці апасенняў не выклікае. "Ніякай крытычнай сітуацыі ў вобласці няма і быць не павінна, - падкрэсліў беларускі лідар. - Чаго не хапае ў Віцебскай вобласці: урачоў, сродкаў індывідуальнай аховы і іншых сродкаў аховы, лякарстваў? Гаварыце адкрыта. У гэтай зале мы прымем любое рашэнне, нават немагчымае. І з прычыны нашага жадання працаваць мы рэалізуем любое наша рашэнне".

Абнадзейлівая статыстыка

У якасці пазітыўнай тэндэнцыі апошняга часу Прэзідэнт назваў пераважанне колькасці выпісаных са стацыянараў пацыентаў з COVID-19 над колькасцю шпіталізаваных. "Чаму мяне гэта абнадзейлівае? Гэта сведчыць аб тым, што ў нас не будзе празмернага запаўнення бальніц, ложкі вызваляюцца. А да гэтага яны ўсе прымалі людзей, і прымалі больш, чым выпісвалі", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Разам з тым, як адзначыў Прэзідэнт, часам гучыць крытыка, што пацыентаў выпісваюць з бальніц дачасна. "Глупства несусветнае! Ні адзін урач не выкіне чалавека на амбулаторнае або санаторна-курортнае лячэнне, калі бачыць, што пацыент не набыў устойлівую дынаміку выздараўлення", - пракаменціраваў Аляксандр Лукашэнка. Больш таго, у некаторых стацыянарах перастрахоўваюцца і дадаткова пакідаюць пацыентаў на некалькі дзён, каб пераканацца, што ўсё добра.

Акрамя таго, кіраўнік дзяржавы прывёў актуальныя статыстычныя даныя па захваральнасці на каранавірусныя пнеўманіі. Пацыентаў з такім дыягназам на сённяшні дзень 21,5 тыс. чалавек. На апаратах штучнай вентыляцыі лёгкіх знаходзяцца 519 хворых, пры агульнай колькасці апаратаў ШВЛ 2,5 тыс. Пры гэтым Прэзідэнт адзначыў, што не трэба кіравацца парадамі асобных "прафесійных" супольнасцей і акцэнтаваць увагу на лічбах. Паколькі некаторыя паказчыкі залежаць ад колькасці праведзеных тэстаў - чым іх больш, тым больш будзе выяўлена і заражаных. Значна важней, паводле яго слоў, што дапамога хворым на каранавірусную інфекцыю ў Беларусі аказваецца ў поўным аб'ёме, і ёсць дастатковыя рэсурсы, каб прадаўжаць лячэнне.-0-

Лукашэнка на нарадзе па каранавірусе: галоўнае - захаваць жыццё чалавеку, усё астатняе другараднае

Лукашэнка выказаўся пра фэйкі адносна яго візіту ў Віцебск і стану спраў у бальніцах

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі