ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Субота, 24 кастрычніка 2020
Мінск Суцэльная воблачнасць +10°C
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
20 сакавіка 2020, 14:39

Лукашэнка пра каранавірус: беларусы не знаходзяцца ў той сітуацыі, каб прымаць драконаўскія меры

Аляксандр Лукашэнка
Аляксандр Лукашэнка

20 сакавіка, Мінскі раён /Кар. БЕЛТА/. Сітуацыя з каранавірусам у Беларусі не такая, каб прымаць драконаўскія меры. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння журналістам у час наведвання навукова-вытворчага прыватнага прадпрыемства "Адані", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Трэба людзей у рэшце рэшт прымусіць адказваць за сябе і тых, хто побач. Калі ты смаркаешся, кашляеш, дык не выходзь на вуліцу і не заражай іншых, заразу не разнось. У гэтым уся сутнасць. І вельмі многія дзяржавы вельмі жорсткія меры ў гэтым плане прымаюць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

У той жа час ён падкрэсліў, што беларусы не знаходзяцца ў той сітуацыі, каб прымаць драконаўскія меры. Але і супакойвацца не трэба, звярнуў увагу Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы вельмі крытычна выказаўся пра людзей, якія вяртаюцца з-за мяжы, пабываўшы ў эпідэміялагічна нестабільных краінах і ўтойваюць гэта. У якасці прыкладу ён прывёў бізнесмена, які вярнуўся з Італіі і звярнуўся да ўрачоў, калі ўжо знаходзіўся ў крытычным стане. З-за яго давялося ўзяць на кантроль больш за 300 чалавек, якіх ён патэнцыяльна мог заразіць. "Зразумела, паехаў ты за мяжу, пабываў у Германіі, Італіі і Францыі. Але прыедзь і скажы - мы цябе праверым, калі патрэбна, зробім заключэнне", - заклікаў грамадзян Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт чарговы раз назваў сітуацыю з каранавірусам "псіхапатыяй". "Спланавалі і зрабілі нейкі псіхічны дом, - сказаў ён. - Але я парадаваўся за нашых спецыялістаў: яны, не маючы вакцыны, не ведаючы, як лячыць, ніводнага чалавека не страцілі". Паводле яго слоў, у гэтым годзе ад пнеўманіі ў цэлым памерла значна менш людзей, чым у пачатку папярэдняга года.

Выказаў неразуменне кіраўнік дзяржавы і ў адносінах да беларусаў, якія, нягледзячы на небяспечную сітуацыю, паехалі адпачываць за мяжу. "А цяпер яны ломяцца ў дзверы пасольстваў нашых, тэлефануюць у МЗС: забярыце нас. Але мы не можам 10 тысяч за адзін дзень забраць", - канстатаваў ён. Тым не менш Прэзідэнтам пастаўлена задача дапамагчы грамадзянам, у тым ліку расійскім, вярнуцца на радзіму. "Дарэчы, расіяне на борт нашых людзей у Тайландзе не пускалі. Але, думаю, дамовімся. Гэта звычайная бязглуздзіца, гэта тупасць, глупства. Для Расіі гэта практычна нічога не каштавала, а шкоды прынясе вельмі шмат. Вось тады і будзе "інтэграцыя", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт чарговы раз заклікаў грамадзян не панікаваць і не ламіцца ў магазіны. "У нас дастаткова прадуктаў. Расіяне калі закрылі граніцу, рэтэйлеры іх звярнуліся да нас: дайце прадукты харчавання, таму што ў нас пачынаецца дэфіцыт. Вядома, мы фарміруем партыі і адпраўляем, і цана ўжо зусім іншая", - заўважыў ён.

Пры гэтым, на думку кіраўніка дзяржавы, сярод беларусаў няма такой "псіхапатыі", як у заходніх краінах. Аляксандр Лукашэнка разлічвае, што калі скончыцца перыяд вострых вірусных інфекцый, то і захваральнасць на каранавірус пойдзе на спад.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі