Сцяг Аўторак, 23 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
03 верасня 2021, 14:57

Лукашэнка пра футбол і спорт: "Які б ні быў Прэзідэнт, я ці іншы, усё роўна будуць патрабаваць вынік"

3 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка арыентуе спартсменаў, футбалістаў і кіраўніцтва галіны ў цэлым на дасягненне выніку, паколькі дзяржава траціць на гэту сферу немалыя грошы і ўкладанні павінны прыносіць аддачу. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў сёння, наведваючы дзіцяча-юнацкі футбольны цэнтр клуба "Дынама-Мінск", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Пасля цырымоніі ўрачыстага адкрыцця цэнтра кіраўнік дзяржавы паразмаўляў з асноўнымі ігракамі клуба і юнымі футбалістамі. Ён адзначыў, што запрашаць пэўную колькасць легіянераў, вядома, можна, але ў першую чаргу трэба рабіць стаўку на сваіх спартсменаў. "Патрэбны вынік. Які б ні быў Прэзідэнт - я, іншы, - усё роўна будуць патрабаваць вынік", - падкрэсліў беларускі лідар, пажадаўшы спартсменам поспехаў.

Працяглай і грунтоўнай была размова Аляксандра Лукашэнкі з ветэранамі клуба. Абмеркавалі падыходы да трэнерскай работы, фінансавання футбола, нюансы сучаснай гульні і, што немалаважна, выхавання спартсменаў у духу патрыятызму.

Не абмінулі на злобу дня і тэму ўчарашніх няўдачных выступленняў зборных каманд па футболе. "Я бачу, як учора гуляла моладзь. Я не ведаю, чаго яны наогул выйшлі гуляць. Яны ж не гулялі", - заўважыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што шмат было страт, футбалісты не даражаць мячом, а часам і б'юць практычна наўгад: "Вочы заплюшчыў - "мачкануў". У яго мяч адабралі, і ён застаўся ззаду. Дык ты бяжы, выпраўляй свае касякі", - выказаў меркаванне аб яшчэ адным нюансе гульні беларускі лідар.

Ён заўважыў, што часам можна пачуць разважанні пра стан спраў у беларускім футболе ў параўнанні з той жа Расіяй: "Разумееце, вось Расія, што нам раўняцца, - 140-150 мільёнаў, а нас 10 мільёнаў..." Наконт гэтага Прэзідэнт заўважыў, што ў Ісландыі, камандзе якой напярэдадні ўступіла беларуская маладзёжная зборная, усяго некалькі соцень тысяч жыхароў.

Прэзідэнт акцэнтаваў увагу на вялікай ролі і адказнасці, якая ляжыць на трэнерах. "Вазьміце скачкі на батуце. Там Уласава (галоўны трэнер нацыянальнай каманды Вольга Уласава. - Заўвага БЕЛТА) - гэта ж сапраўды дыктатар. У яе ўсё раскладзена. І яны скачуць, алімпійскімі чэмпіёнамі становяцца. Таму што ёсць парадак", - прывёў прыклад Аляксандр Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што ў кожнай вобласці краіны створаны цудоўныя палі для футбола, уклалі велізарныя грошы. "Карацей кажучы, мужыкі, з футболам нешта трэба рабіць. База ёсць. Не думайце, што мы нешта будзем ствараць яшчэ. У нас ёсць куды грошы траціць. Нам людзям трэба зарплату паднімаць. Дай настаўніку 4-5 тыс. долараў, як у некаторых (футбалістаў. - Заўвага БЕЛТА) зарплата..." - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

"Грошай не шкада. Мы не пашкадуем грошай, але дайце вынік, дайце, каб было хаця б на што паглядзець", - падкрэсліў беларускі лідар. Ён адзначыў, што маладое пакаленне футбалістаў часам разбалавана шалёнымі грашыма і "не бачаць гэтага мяча".

"Прайграў, дык ты хоць пакажы, што біўся. Сёння спорт - гэта вайна, ты павінен ісці як на вайну", - сказаў Прэзідэнт, гаворачы пра маральна-валявыя якасці, якімі павінны валодаць спартсмены. Мала таго, што развучыліся гуляць, дык яшчэ і спартыўнай злосці няма, заўважыў ён.

Аляксандр Лукашэнка прапанаваў і ветэранам клуба актыўна ўдзельнічаць у развіцці свайго віду спорту, у тым ліку парадай, нешта падказаць, падключыцца да трэніровачнага працэсу.

Заслужаны майстар спорту і трэнер, чэмпіён СССР Эдуард Малафееў згадзіўся з Прэзідэнтам, падкрэсліўшы, што ў футбол трэба не проста гуляць, а любіць гэты від спорту: "Калі пытаешся ў хлопца, трэнера: "Ты любіш футбол?", ён кажа: "Люблю". А калі глядзіш на вынік: дык як жа ты любіш? Любіць - гэта значыць магчы! А калі не можаш, не даеш - не любіш футбол!"

Ён звярнуў увагу і на духоўна-маральнае выхаванне, якое таксама павінна абавязкова прысутнічаць у падрыхтоўцы спартсмена. "Тады сумленне з'яўляецца, пачынаецца добрасумленная праца. Калі табе сорамна, што ты не падрыхтаваўся", - заўважыў Эдуард Малафееў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі