Сцяг Аўторак, 8 ліпеня 2025
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
10 чэрвеня 2025, 10:45

Лукашэнка пра "Беларусьфільм": няхай ствараюць, прадаюць і жывуць, не - выбачайце

10 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка пры наведванні кінастудыі выказаўся наконт магчымасці чарговай фінансавай падтрымкі "Беларусьфільма", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Адразу пасля прыезду на кінастудыю Аляксандр Лукашэнка задаў пытанне віцэ-прэм'еру Наталлі Пяткевіч: "Што, так дрэнна зусім тут?"

"Трэба дапамагаць", - адказала яна.

"Што значыць "дапамагаць"? - удакладніў Прэзідэнт. - Чарговы раз?"

Наталля Пяткевіч адзначыла, што да кіраўніцтва гэтай сферай прыйшлі новыя людзі і ў іх ёсць жаданне змяніць сітуацыю да лепшага. Але ёсць пытанні, якія яны самі не вырашаць, нават чыста ў гаспадарчым плане. Напрыклад, размова ішла пра знос некаторых будынкаў, неабходнасць зніжэння затрат.

"Гэта значыць, калі знясём, то справы пойдуць?" - спытаў Аляксандр Лукашэнка.

Да размовы падключыўся кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрый Крутой, адзначыўшы, што гэта дасць магчымасць знізіць затраты. "У іх жа ўсё на балансе вісіць", - сказаў ён.

"Ну давайце знімем з балансу", - прапанаваў варыянт Прэзідэнт.

Дзмітрый Крутой на гэта сказаў: "Такая канцэпцыя таксама ёсць - падзяліць на дзве часткі".
"Я якраз прыйшоў да адваротнай высновы. Я лічу, іх трэба пакінуць. Няхай ствараюць, прадаюць і жывуць. Не - выбачайце. Ну колькі разоў можна дапамагаць? Яны ж фактычна вісяць на плячах у дзяржавы. Зыходзячы з той нават даведкі, якую камітэт і ты падрыхтавалі (размова пра КДК і Адміністрацыю Прэзідэнта. - Заўвага БЕЛТА). А навошта ім працаваць? Прынясуць дакумент, падмахнуць, Прэзідэнту на стол: дайце грошы. А за што даваць грошы? - сказаў Прэзідэнт. - За апошнія некалькі гадоў гэта трэція "новыя людзі". І мы ўсё дапамагаем".

Кіраўніку дзяржавы было коратка даложана аб структуры кінастудыі, штатнай колькасці супрацоўнікаў, аснашчанасці студый і павільёнаў. Так, у Мінску на тэрыторыі "Беларусьфільма" размяшчаецца вытворчы корпус са здымачнымі павільёнамі, аўтабаза, некалькі неэксплуатуемых будынкаў, запланаваных пад знос, у Смалявічах - натурная пляцоўка. Штатная колькасць кінастудыі - 320 адзінак, але запоўнены далёка не ўсе. Напрыклад, застаюцца вакантнымі дзве з трох пасад намесніка дырэктара кінастудыі. Наконт гэтага Прэзідэнт крытычна заўважыў, што ў такой колькасці намеснікаў, хутчэй за ўсё, і няма асаблівай неабходнасці, паколькі галоўнае - каб былі тыя, хто займаецца непасрэдна кінавытворчасцю.
У структуру "Беларусьфільма" ўваходзяць тры асноўныя студыі: ігравых, дакументальных, анімацыйных фільмаў, а таксама Тэатр-студыя кінаакцёра. Здымачныя павільёны, размешчаныя ў Мінску, заняты пераважна пад будаўніцтва дэкарацый, здыманне кінафільмаў і тэлевізійных праектаў. Арганізавана таксама экспазіцыя, прысвечаная гісторыі айчыннага кінематографа, дзе праводзяцца экскурсіі. Цяпер у працэсе стварэння знаходзяцца некалькі кінастужак: у верасні намечаны выхад прэм'еры да Дня настаўніка - карціны "Класная" і да канца года - фільма "Пераломны момант", пачата работа над кінакарцінамі "Бацька Мінай. Партызанская легенда" (прэм'ера запланавана на 2026 год), "Адно на дваіх" і "Навагодні экспрэс".
Гаворачы пра вытворчасць фільмаў, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: "Сучасна павінна быць. Патрэбна дынаміка пэўная. Гэта маё меркаванне".

Прэзідэнт не выключыў магчымасці фінансавай падтрымкі, але патрэбны эфектыўнасць і аддача, каб на выхадзе было якаснае запатрабаванае кіно. Таму працэс падрыхтоўкі кадраў, кінавытворчасці, выдзялення на гэта сродкаў Аляксандр Лукашэнка патрабуе "жалезна браць на кантроль". "Потым трыма пальцамі ўзяў (размова пра разумны падыход да выдзялення сродкаў, не агулам. - Заўвага БЕЛТА): вось табе рубель - вярні два", - агучыў агульны падыход беларускі лідар.

"Цяпер мы, груба кажучы, "калючым дротам" абнясём гэта. 320 чалавек (на кінастудыі. - Заўвага БЕЛТА) - калі ласка: стварайце, прадалі - жывіце. З гэтага пачнём", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

А тых, хто дае вынік, прапануе перспектыўныя ідэі, трэба і адпаведна падтрымліваць. "Мы трацім шалёныя грошы марна. Дык трэба заплаціць людзям, якія працуюць", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнту таксама далажылі аб рэалізацыі тэлевізійных праектаў на плошчах "Беларусьфільма". Белтэлерадыёкампанія тут здымае шэраг папулярных перадач. "Пад гэта грошай не шкада, калі ёсць вынік", - сказаў ён.
Кіраўнік дзяржавы на кінастудыі паразмаўляў з Кірылам Халецкім - кінарэжысёрам-пастаноўшчыкам фільма "Класная", які ў верасні выйдзе ў пракат. "Божа мой, рэжысёры ёсць у нас! Ты ў нас, як карысны выкапень. Ці ты, можа, аднекуль прыехаў?" - звярнуўся да яго Аляксандр Лукашэнка.

"Не, я беларус. Акадэмія мастацтваў", - адказаў Кірыл Халецкі.
"Дзякуй табе, госпадзі! Аказваецца, яшчэ ёсць (рэжысёры ў Беларусі. - Заўвага БЕЛТА)", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Як расказаў Кірыл Халецкі, фільм "Класная" пра маладую настаўніцу, якая паехала па размеркаванні ў аграгарадок і становіцца класным кіраўніком у 11-класнікаў. Фільм раскажа пра шлях станаўлення маладога педагога. "Фільм разлічаны на гледачоў пачынаючы з 6 гадоў. Гэта значыць, першакласнік можа ўжо з бацькамі або ўсім класам ісці ў кіно. Фільм знаходзіцца на стадыі мантажу. Атрымліваецца вельмі добрае, светлае, жыццёвае кіно. Міністэрства адукацыі курыруе гэты праект, дапамагаюць нам. Ва ўсіх кінатэатрах краіны з 18 верасня", - расказаў рэжысёр.
Аляксандр Лукашэнка сказаў, што знаёмы са зместам кінастужкі, але даў адзіную параду, каб жыццё ў аграгарадку было належным чынам адлюстравана, бо яно адрозніваецца ад, напрыклад, мінскіх рэалій "Каб тут кантрасту не было, што ў мазгах Мінск, а здымаеш ты аграгарадок", - адзначыў Прэзідэнт.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі