Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
26 кастрычніка 2021, 14:34

Лукашэнка пра барацьбу медыкаў з COVID-19: асаблівых прэтэнзій прад'явіць не магу, але расслабляцца нельга

26 кастрычніка, Ліда /Кар. БЕЛТА/. Сітуацыя з COVID-19 у краіне выклікае асцярожны аптымізм. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння ў час сустрэчы з работнікамі Лідскай ЦРБ, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Асаблівых прэтэнзій пакуль прад'явіць не магу, але расслабляцца нельга. Дзякуй вам вялікі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

У той жа час Прэзідэнт адзначыў, што рэгулярна заслухоўвае даклады аб рабоце сістэмы аховы здароўя, і калі становіцца вядома аб якіх-небудзь праблемах - яны тут жа вырашаюцца. Не замоўчваць праблемныя пытанні кіраўнік дзяржавы патрабуе і ад галоўных урачоў медустаноў. "Ёсць праблема - скажыце адкрыта. Будзем яе разам вырашаць", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

У час размовы з кіраўніком дзяржавы медыкі таксама пацікавіліся, што Прэзідэнт укладвае ў фразу "сітуацыя выклікае асцярожны аптымізм".

Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што ў краіне адзначаецца зніжэнне тэмпу захваральнасці на COVID-19. Кіраўнік дзяржавы прывёў даныя статыстыкі: сярэднетыднёвы прырост новых выпадкаў знізіўся ў паўтара раза за апошні тыдзень, колькасць паступленняў пацыентаў з пнеўманіямі застаецца на ранейшым узроўні, пры гэтым за апошні тыдзень на 6,4 працэнта павялічылася колькасць выпісаных са стацыянара.

На 44 чалавекі менш знаходзіцца на апаратах ШВЛ, што пацвярджаецца зніжэннем спажывання кіслароду ў параўнанні з мінулым тыднем на 1,3 працэнта, пры гэтым у Віцебскай і Гомельскай абласцях зніжэнне 10 працэнтаў і 2 працэнты адпаведна.

Што асабліва важна, адзначыў Прэзідэнт, профільныя ўстановы аховы здароўя, перапрафіляваныя пад аказанне дапамогі хворым з COVID-19, пачынаюць вяртацца да сваіх функцый. Так, у Брэсцкай вобласці паступова ўваходзяць у планавую работу аддзяленні гінекалагічнага корпуса абласнога раддома, падраздзяленні абласнога анкадыспансера, кардыяхірургічнае аддзяленне і аддзяленне таракаабдамінальнай хірургіі і трансплантацыі абласной бальніцы.

З 21 кастрычніка прыпынена шпіталізацыя пацыентаў з пнеўманіямі і інфекцыяй COVID-19 у хірургічны корпус Віцебскага абласнога анкадыспансера. У канцы кастрычніка, пасля правядзення мерапрыемстваў па дэзынфекцыі, у звычайны рэжым функцыянавання будуць вернуты аддзяленні ў Магілёўскім абласным анкадыспансеры.

"Вядома, бога за бараду не ўзялі. Але гэта выклікае асцярожны аптымізм. І гэта не першы тыдзень, - адзначыў кіраўнік дзяржавы. - Мы не проста спыніліся на гэтым плато, на гэтай гары, а на 2-4 працэнты за тыдзень спаўзлі".

Прычым, як далажылі Прэзідэнту ў бальніцы, захваральнасць на каранавірус цяпер у цэлым па краіне ніжэйшая, чым у час першай хвалі. "Мы ўзялі максімальную захваральнасць пры першай хвалі. Вобласць сёння - далёка ад таго максімальнага ўзроўню: пакуль 80 працэнтаў. Адзіная вобласць. Мінск трымаецца прыкладна на 101 працэнце, гэта значыць ледзь-ледзь вышэй за той узровень", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

У час наведвання Лідскай ЦРБ кіраўнік дзяржавы неаднаразова падкрэсліваў: аказанне планавай дапамогі ў час пандэміі COVID-19 адкладваць нельга. Паводле яго слоў, калі цяпер спыніць прыём пацыентаў з якім-небудзь захворваннем, то пасля пандэміі ўстановы аховы здароўя будуць перапоўнены гэтымі хворымі.

"Калі кавід пайшоў, і да нас хлынула гэта адкладзеная анкалогія? Зноў у нас будзе 500 чалавек у чарзе на анкалагічныя аперацыі, зноў атрымаецца абвал, - прывёў прыклад Прэзідэнт. - Таму нельга спыняць лячэнне іншых хвароб, ні ў якім разе".

Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што ў Беларусі пераадолеюць гэту хваробу: "Мы лечым сваіх людзей. Стараемся, каб гэта зараза хутчэй пайшла. Тое, што яна пойдзе, мы на 100 працэнтаў у гэтым перакананы. Я дакладна. І я ўпэўнены, што мы адыдзем ад гэтай хваробы. А калі Гасподзь нас будзе вось так любіць, як да сённяшняга дня, то да новага года мы супакоімся. Не зусім яшчэ ад гэтай заразы адыдзем, але супакоімся".

Прэзідэнт таксама адзначыў, што заўсёды, прыязджаючы ў бальніцы, дзякуе ўрачам. "Сапраўдным урачам. Не тым у чорных, брудных халатах, якія там у Telegram-каналах папісваюць. А сапраўдным урачам у белых халатах. Дзякуй вам вялікі", - сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што аналізуе сітуацыю, робіць вывады, прасейвае інфармацыю праз сіта сваіх пражытых гадоў.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў Беларусі захавалі базу савецкай медыцыны і ўдасканалілі яе: "Калі б мы не займаліся аховай здароўя, мы сёння мелі б тое, што маюць некаторыя нашы суседзі. І тое, што адбываецца на Захадзе".

Прыклад, што магло здарыцца, - Украіна, якая імкнецца да заходняга варыянта. "Гэта значыць усю народную ахову здароўя трэба знішчыць, каб перайсці на прыватную медыцыну. Яны думалі, што прыватная - вырашым усе праблемы. Цяпер адзінкі ўрачоў засталіся, якія за гэта выступаюць", - заўважыў Прэзідэнт.

"Што лепш - мы (з нашай мадэрнізаванай і пабудаванай на фундаменце савецкіх часоў беларускай медыцынай) або заходняя. Яшчэ крыху часу пройдзе, і вы ўбачыце", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі