Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
20 кастрычніка 2021, 11:12

Лукашэнка пра анкадапамогу ў Беларусі: сістэма выбудавана, для мяне гэта важна

20 кастрычніка, Мінскі раён /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі выбудавана эфектыўная сістэма аказання анкадапамогі. Аб гэтым было заяўлена ў час наведвання Прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М.Аляксандрава, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, наколькі эфектыўна ў краіне выбудавана сістэма анкадапамогі, развіццём якой пачалі займацца яшчэ два дзясяткі гадоў таму пры яго ўдзеле.

Як далажылі кіраўніку дзяржавы, у Беларусі ўдалося не толькі захаваць базу, але і пашырыць магчымасці анкалагічнай дапамогі пацыентам. "Нам удалося захаваць тую сістэму, якая існавала яшчэ ў Савецкім Саюзе. І не проста захаваць, а значна ўмацаваць матэрыяльна-тэхнічную базу, пашырыць магчымасці анкалогіі, - падкрэсліў дырэктар РНПЦ Сяргей Палякоў. - Гэты момант заўсёды цікавіць нашых замежных партнёраў, паколькі за мяжой няма такой сістэмы цэнтралізаванай анкалагічнай дапамогі".

Створаная ў Беларусі сістэма шмат у чым унікальная, і да вопыту яе работы праяўляюць вялікую цікавасць за мяжой. "Мы можам быць узорам і паказчыкам для многіх краін у гэтай сістэме", - адзначыў Сяргей Палякоў.

"Сістэма выбудавана. Для мяне гэта важна", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Было адзначана, што на фоне эпідсітуацыі людзі сталі радзей звяртацца да ўрачоў і знізілася выяўляльнасць анказахворванняў. Аднак гэта агульнасусветная тэндэнцыя.

У цэлым дапамога анкапацыентам у Беларусі па шэрагу напрамкаў - сярод самых якасных у свеце. Калі ў 2000 годзе на ўліку знаходзіліся 150 тыс. анкапацыентаў, то да 2021 года іх колькасць падвоілася, пры гэтым колькасць тых, хто назіраецца ва ўрачоў больш за пяць гадоў, вырасла за гэты перыяд у тры разы. Лятальнасць ад анкалогіі на працягу першага года выяўлення хваробы скарацілася ўдвая (да 42 працэнтаў) і трымаецца на гэтым узроўні, што сведчыць аб зніжэнні колькасці запушчаных выпадкаў.

Укараняюцца новыя тэхналогіі і падыходы, таму значна павялічыўся працэнт выжывальнасці, захоўваецца якасць жыцця. У якасці прыкладу галоўны ўрач прывёў лячэнне пацыентаў з ракам мачавога пузыра. Смяротнасць ад гэтай паталогіі знізілася больш як у два разы, і Беларусь цяпер у тройцы лідараў па гэтым паказчыку нараўне з Фінляндыяй і Рэспублікай Карэя. Паводле слоў Сяргея Палякова, у цэнтры з пачатку года выканана 11 тыс. аперацый. Напрыклад, толькі на сёння запланавана 66 умяшанняў.

Размова таксама ішла аб экспарце паслуг - аказанні дапамогі замежным анкапацыентам. Гэты напрамак даволі запатрабаваны сярод іншаземцаў.

Аляксандр Лукашэнка ў сувязі з гэтым звярнуў увагу: на тым жа Захадзе аналагічныя па якасці паслугі каштуюць значна даражэй. "Вялікі" Захад са сваімі правамі чалавека наогул сядзіць на грашах. Нам часам гэта неверагодна. Яны бяруць за ўсё грошы, абдзіраюць, - заўважыў ён. - Часам загінаюць такія цэны, што проста жудасць, разумеючы, што і мы не горш за іх робім гэтыя аперацыі".

Прэзідэнт таксама цікавіўся, якія перспектывы таго, што можа з'явіцца нейкае ўніверсальнае лякарства ад раку. Сяргей Палякоў адзначыў: адносна шэрага форм анказахворванняў ужо ёсць эфектыўныя лякарствы, якія нават на позніх стадыях даюць магчымасць на 5-7 гадоў прадоўжыць жыццё пацыентаў і захаваць яе якасць. Аднак панацэі не існуе.

Памочнік Прэзідэнта Аляксандр Косінец упэўнены: у перспектыве гэта магчыма, такія распрацоўкі ў свеце вядуцца. Напрыклад, апрабуюць прэпарат для лячэння анказахворванняў спіннога і галаўнога мозга.

Была закранута і тэма вакцын, у тым ліку ад COVID-19, палітызацыя гэтага пытання ў свеце, імкненне зарабіць вялікія грошы на праблеме. "Ахова здароўя павінна быць сферай абсалютна інтэрнацыянальнай. Тут нельга на здароўі, жыцці людзей (нажывацца. - Заўвага БЕЛТА), - падкрэсліў Прэзідэнт. - Чаму ў багатай Амерыцы мор? Таму што сістэму разбурылі, рынак, канкурыруюць, кожны змагаецца за свайго пацыента - чым багацейшы, тым лепш. Вось і атрымалі вынік".

Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў праблемы ў барацьбе з распаўсюджваннем COVID-19 у суседніх з Беларуссю краінах, дзе не была захавана цэнтралізаваная сістэма аховы здароўя. "Вазьміце Латвію цяпер - бяда. Яна ўжо не ўспыхнула, яна гарыць агнём. Вазьміце нашу родную Украіну - вы бачыце, што там робіцца, сістэму ж разбурылі", - звярнуў увагу беларускі лідар.

У Беларусі ж была захавана сістэма аказання меддапамогі, і, як паказаў час, гэта было правільным рашэннем. Наяўнасць такой сістэмы дазваляе краіне пераадольваць цяжкасці, звязаныя з пандэміяй, паспяхова ратаваць, лячыць людзей. "За кошт арганізаванасці, цэнтралізацыі, у добрым сэнсе слова, вертыкалі, якая ў нас выбудавана, узаемадапамогі і савецкага спаборніцтва, а не гэтай дзікай канкурэнцыі, мы за кошт гэтага выйграём", - перакананы кіраўнік дзяржавы.

Што датычыцца анкалогіі, ён упэўнены: беларускія вучоныя маюць патэнцыял, каб зрабіць нешта прарыўное, што ацэняць на сусветным узроўні. "Для мяне вельмі важна сёння нават не лячэнне (я ведаю, што вы малайцы ў гэтым плане, сістэма працуе). Мне важна: нешта прарыўное мы павінны ўжо рабіць. Нешта трэба стварыць такое, што застанецца на вякі ў гісторыі чалавецтва, і мы да гэтага гатовы, - сказаў Прэзідэнт. - Трэба падумаць, што мы можам зрабіць значнае, каб і сваіх людзей ратаваць, вылечваць і каб у свеце сказалі: так, малайцы беларусы, стварылі цуды".

Кіраўнік дзяржавы ў час наведвання РНПЦ таксама пабываў у палатах, пагутарыў з пацыентамі, азнаёміўся, на якім узроўні ім аказваюць дапамогу. Аляксандр Лукашэнка пажадаў ім найхутчэйшага выздараўлення і падкрэсліў, што тут, акрамя іншага, важны і правільны псіхалагічны настрой, імкненне і ўпэўненасць, што ўсё атрымаецца. "Той, хто вядзе здаровы лад жыцця, жыць хоча і змагаецца за гэта жыццё, ён заўсёды будзе жыць", - упэўнены беларускі лідар.

Сярод пацыентаў і замежныя грамадзяне, напрыклад з Адэсы. "Я так рада, што трапіла ў вашу краіну на лячэнне, удзячна свайму доктару", - сказала пацыентка.

Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М.Аляксандрава - самая вялікая ў краіне лячэбна-дыягнастычная і навукова-адукацыйная ўстанова, якая выконвае пры гэтым функцыю анкалагічнага дыспансера Мінскай вобласці. У структуры цэнтра - 39 лячэбна-дыягнастычных аддзяленняў, аддзел пазабюджэтнай дзейнасці і навуковы цэнтр з 10 лабараторый. У цэнтры 790 ложкаў, у тым ліку 12 рэанімацыйных і 34 дзённага знаходжання.

З 2017 года ўведзена ў строй новая кансультатыўная паліклініка на 800 наведванняў у дзень, у структуры якой створаны аддзяленне амбулаторнай хіміятэрапіі на 25 ложкаў і аддзяленне малаінвазіўнай хірургіі з палатамі часовага знаходжання на 9 ложкаў.

Нават на фоне проціэпідэмічных мерапрыемстваў колькасць наведванняў кансультатыўна-паліклінічнага аддзялення цэнтра застаецца практычна на тым жа ўзроўні, што і ў мінулым годзе. За першае паўгоддзе 2021-га яна знізілася толькі на 2 працэнты ў параўнанні з аналагічным перыядам 2020-га. Адначасова пашырана практыка тэлемедыцынскага кансультавання рэнтгенаўскіх і КТ-даследаванняў пацыентаў з падазрэннем на анкалагічныя захворванні з арганізацый аховы здароўя Мінскай вобласці: колькасць такіх кансультацый узрасла на 28 працэнтаў.

Што датычыцца сітуацыі з анказахваральнасцю, то, паводле папярэдніх даных Беларускага канцар-рэгістра, за першае паўгоддзе 2021-га колькасць нававыяўленых злаякасных новаўтварэнняў зменшылася на 334 у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года - 19 678 супраць 20 012. Прычым такая тэндэнцыя характэрна для Брэсцкай і Мінскай абласцей і Мінска, у той час як у Віцебскай, Гомельскай, Гродзенскай і Магілёўскай абласцях адзначана некаторае павелічэнне колькасці нававыяўленых выпадкаў. У той жа час размеркаванне новых выпадкаў злаякасных новаўтварэнняў у працэнтных адносінах па стадыях засталося супастаўным з данымі за папярэдні аналагічны перыяд.

Усяго на ўліку па анказахворваннях знаходзяцца каля 325 тыс. чалавек, з іх 55 працэнтаў назіраюцца пяць і больш гадоў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі