ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Панядзелак, 30 студзеня 2023
Мінск Суцэльная воблачнасць -2°C
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
10 кастрычніка 2022, 12:18

Лукашэнка перасцярог Украіну ад магчымага нанясення ўдару па Беларусі

У час нарады
У час нарады

10 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка перасцярог Украіну ад магчымага нанясення ўдару па Беларусі. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў на нарадзе па пытаннях бяспекі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Прэзідэнт адразу нагадаў, што дамоўленасць аб правядзенні сённяшняга мерапрыемства была агучана на сустрэчы кіраўніка дзяржавы з ваеннымі ў Цэнтры стратэгічнага кіравання ў Міністэрстве абароны, каб яшчэ раз абмеркаваць прапановы, якія датычацца ажыццяўлення бяспекі: "Нам трэба вызначыць, што яшчэ неабходна зрабіць для ўмацавання бяспекі нашай дзяржавы з улікам абстаноўкі, якая хутка змяняецца".

"Учора па неафіцыйных каналах ужо нас папярэдзілі аб нанясенні ўдараў па Беларусі з тэрыторыі Украіны. Як было заяўлена: "Мы зробім так, што гэта будзе Крымскі мост - 2". Да мяне была неадкладна даведзена гэта інфармацыя, - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. - Мой адказ быў просты: "Давядзіце прэзідэнту Украіны і іншым вар'ятам, калі там яны яшчэ ёсць, што Крымскі мост ім здасца кветачкамі, калі толькі яны дакрануцца сваімі бруднымі рукамі хоць да аднаго метра нашай тэрыторыі".

"Гэта ваша функцыя, лічыце гэта загадам для вас", - звярнуўся кіраўнік дзяржавы да ваенных і сілавікоў.

Прэзідэнт падкрэсліў, што ЗША і Еўрасаюз у гэтых умовах заяўляюць, што будуць гатовы легалізаваць нашых збеглых як палітычную сілу, істотна нарасціць падтрымку дэструктыўных элементаў, абвастрыць абстаноўку на заходняй граніцы аж да адкрыцця "другога фронту".

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што папярэджваў аб пагрозах на заходняй граніцы яшчэ ў пачатку спецыяльнай ваеннай аперацыі Расіі ва Украіне і гаварыў, што Беларусь не дазволіць страляць у спіну рускім. "Гэта так вобразна было сказана, каб вы запомнілі, але я тады бачыў, што для нас самы небяспечны напрамак - гэта заходні. І калі б мы яго агалілі, мы ўжо сёння стаялі б на парозе вайны. Але мы пакінулі там Узброеныя Сілы. Больш таго, мы ўмацавалі заходні напрамак", - звярнуў увагу Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, яшчэ ў 2020 годзе калектыўны Захад паспрабаваў учыніць бліцкрыг у адносінах да Беларусі, пачаўшы з каляровай рэвалюцыі і мяцяжу. "Не выйшла. Другі этап - эканамічнае ўдушэнне і інфармацыйны націск на Беларусь. Бачаць, што санкцыі не спрацавалі. Значыць, і эканамічна ўдушыць яны нас не змаглі, не атрымалася. Што застаецца? Застаецца адзіны спосаб - сілавое вырашэнне пытання: праз дыверсіі, правакацыі, што прывядзе да дэстабілізацыі абстаноўкі ў нашай краіне (гэта іх план), а потым, калі атрымаецца, навязаць ваенныя дзеянні. Гэта вельмі актуальна на сучасным этапе", - сказаў Прэзідэнт.

"Я ўжо гаварыў, што ва Украіне сёння не проста абмяркоўваецца, а плануецца нанясенне ўдараў па тэрыторыі Беларусі. Вядома, украінцам гэта абсалютна не трэба. Ну, навошта ім яшчэ адкрываць другі фронт на нашых паўднёвых граніцах, у іх - на паўночных? Ну, навошта? Гэта ж безразважнасць з пункту гледжання ваенных. Але тым не менш працэс пайшоў. Іх штурхаюць гаспадары да развязвання вайны супраць Беларусі для таго, каб нас туды ўцягнуць. Каб разабрацца заадно з Расіяй і Беларуссю", - сказаў беларускі лідар.

У абедзвюх краінах аб гэтым даўно ведаюць. Больш таго, аб гэтых планах кіраўнік беларускай дзяржавы неаднаразова папярэджваў і сваіх грамадзян, і сусветную супольнасць. "Мы гэта бачылі, ведалі, мы стваралі батальённа-тактычныя групы, мы адпрацоўвалі абарону паўднёвых рубяжоў, што робім і цяпер. Там на пастаяннай аснове дзяжураць нашы Узброеныя Сілы", - адзначыў Прэзідэнт.

Ён падкрэсліў, што апошнія падзеі на Крымскім мосце сведчаць аб значным павышэнні ўзроўню тэрарыстычнай пагрозы. "Я яшчэ раз паўтараю: галавакружэнне ад поспехаў. Яны гатовы цяпер ваяваць з усімі", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі