Сцяг Аўторак, 16 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
04 жніўня 2020, 17:11

Лукашэнка перасцерагае моладзь ад прыняцця неабдуманых рашэнняў пад уплывам эмоцый

4 жніўня, Мінск /Кацярына Крышэнік - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў Пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу звярнуўся да моладзі і перасцярог ад прыняцця неабдуманых рашэнняў пад уплывам эмоцый, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў краіне за час незалежнасці выхавалі свабодамысных і неабыякавых людзей. "Дзесьці за гэта і атрымалі, - звярнуў увагу Прэзідэнт. - Менавіта на пачуццях справядлівасці і неабыякавасці нашых маладых людзей цяпер і будуюцца праціўнікамі нядобрасумленныя тэхналогіі ўцягвання моладзі ў палітычны працэс. Пры гэтым акцэнты змяшчаюцца з плоскасці рацыянальнага асэнсавання і разумення канчатковай мэты ў плоскасць эмацыянальнага ўспрымання адзінкавых падзей, карцінак у сацсетках, відэаролікаў у пабліках".

"Накшталт "не будзь рабом", "мы народ, а не народзец", "не дай украсці свой голас"... Лёгка запамінаецца, лёгка вымаўляецца. Пачуў - і адразу панёс у масы, не трэба асэнсоўваць, - прывёў прыклады Аляксандр Лукашэнка. - А асэнсоўваць трэба, каб потым, праз некаторы час, не было балюча за прынятыя пад уплывам эмоцый рашэнні. Ніхто не збіраецца красці нічые галасы, як бы нас ні папракалі ў цэнзуры. Мы самі стварылі краіну, дзе голас моладзі чуваць як ніколі".

"У тым ліку голас групы выпускнікоў Ліцэя БДУ, якому ў свой час былі дадзены ўнікальныя прэферэнцыі з боку дзяржавы, - прадоўжыў Прэзідэнт. - Пабудаваны новы, абсталяваны па вышэйшым класе будынак у цэнтры горада, сабраны вядучыя спецыялісты-выкладчыкі, наладжана сістэма паступлення, дзе вырашаюць не сувязі і магчымасць прывілеяванай падрыхтоўкі, а веды і старанні абітурыентаў. У такіх установах мы і выхавалі новае свабоднае пакаленне (якое нас цяпер і папракае)". Кіраўнік дзяржавы параўнаў гэта з адносінамі дзяцей і бацькоў, калі ў нейкі момант дзіця гаворыць, што стамілася ад апекі і наогул не вельмі прасіла аб ім клапаціцца. "На шчасце, заўсёды настае момант, калі дзіця вяртаецца і гаворыць бацькам дзякуй. Але для гэтага важна, каб, пайшоўшы ў дарослае жыццё, яно не спальвала бацькоўскі дом, каб потым было куды вярнуцца і не рыдаць на папялішчах", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што лепш вучыцца на чужых памылках, а не на сваіх уласных. "Таму прашу: захоўвайце розум халодным, пад якім бы выглядам вас ні ўцягвалі ў палітычныя гульні, - падкрэсліў ён. - Музыканты будуць і далей пісаць песні, карціны перажывуць людзей і будуць радаваць многія пакаленні, сімвалы - як частка гісторыі і культуры - ніхто не забароніць і не забудзе, мова назаўжды будзе не толькі ў кожным нашым сэрцы, але i застанецца падмуркам дзяржаўнай незалежнасці".

Прэзідэнт яшчэ раз акцэнтаваў увагу бацькоў на неабходнасці ў цяперашняй няпростай сітуацыі прасачыць за паводзінамі дзяцей. "Трэба ўберагчы моладзь ад згубных учынкаў. Нічога ў гэтых лялечнікаў не атрымаецца, проста пацерпяць нашы людзі", - сказаў кіраўнік дзяржавы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі