
6 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Павышэнне статусу старшыні выканкама роўнае шматразоваму ўзмацненню іх адказнасці за развіццё горада ці раёна. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 6 лютага на нарадзе па пытаннях удасканалення прававога рэгулявання статусу старшыні выканкама базавага ўзроўню, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Трэба разумець, што павышэнне статусу (а мы пра гэта гаварылі) старшынь выканкамаў базавага ўзроўню роўнае шматразоваму ўзмацненню адказнасці за развіццё горада ці раёна", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт ужо не раз заяўляў аб неабходнасці павысіць узровень выканальніцкай дысцыпліны ў краіне. Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, ён бачыць недапрацоўкі ў гэтым плане, прытым сур'ёзныя недапрацоўкі.
"І папярэджваю ўсіх, што, калі мы гэта не зробім, нам будзе вельмі складана не толькі ў гэтым годзе, але і ў пяцігодцы, выканаць тое, што мы перад сабой намячаем. Таму ўзровень выканальніцкай дысцыпліны павінен быць на адпаведнай вышыні. Але пры гэтым, разумеючы, што без старшынь гар-, райвыканкамаў мы не вырашым ніводнай праблемы, патрабаванні да іх узрастуць. Але калі мы павышаем патрабаванні да іх, то трэба даваць і паўнамоцтвы, каб яны маглі працаваць. Усё вельмі проста і зразумела. Вось у сувязі з чым з'явілася прапанова аб павышэнні ролі старшынь гар-, райвыканкамаў. Гэтыя прапановы павінны пашыраць паўнамоцтвы выканкамаў базавага ўзроўню і іх старшынь для таго, каб істотна перш за ўсё палепшыць эканоміку, узровень жыцця людзей на адпаведнай тэрыторыі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.-0-
