Сцяг Аўторак, 24 чэрвеня 2025
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
09 мая 2025, 07:03

Лукашэнка павіншаваў замежных лідараў з 80-й гадавінай Вялікай Перамогі

9 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў замежных лідараў з 80-й гадавінай Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.

Віншавальныя пасланні накіраваны Прэзідэнту Азербайджана Ільхаму Аліеву, Прэзідэнту Арменіі Ваагну Хачатурану, Прэзідэнту Казахстана Касым-Жамарту Такаеву і першаму Прэзідэнту рэспублікі Нурсултану Назарбаеву, Прэзідэнту Кыргызстана Садыру Жапараву, Прэзідэнту Расіі Уладзіміру Пуціну, Прэзідэнту Таджыкістана Эмамалі Рахмону, Прэзідэнту Туркменістана Сердару Бердымухамедаву і Нацыянальнаму лідару туркменскага народа, Старшыні Халк Маслахаты Гурбангулы Бердымухамедаву, Прэзідэнту Узбекістана Шаўкату Мірзіёеву, Прэзідэнту Грузіі Міхаілу Кавелашвілі, Прэзідэнту Славакіі Петэру Пелегрыні і прэм'ер-міністру Роберту Фіца, а таксама народам Украіны і Малдовы.

Звяртаючыся да лідараў краін Садружнасці Незалежных Дзяржаў, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў гэты знамянальны дзень славяць вялікі подзвіг шматнацыянальнага савецкага народа, які адстаяў права на жыццё і свабоду для будучых пакаленняў цаной бяспрыкладнага гераізму салдат і неймаверных намаганняў працаўнікоў тылу.

Прэзідэнт выказаў упэўненасць, што памяць аб агульнай гісторыі і Вялікай Перамозе, дружба і ўзаемная падтрымка будуць і ў далейшым служыць надзейным фундаментам развіцця плённага супрацоўніцтва паміж краінамі.

У пасланні Прэзідэнту Расіі Уладзіміру Пуціну кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў, што восем дзесяцігоддзяў таму Савецкі Саюз паставіў перамаганосную кропку ў самай жорсткай і кровапралітнай у гісторыі чалавецтва вайне.

"Гонар за бяспрыкладную стойкасць і мужнасць бацькоў, дзядоў і прадзедаў, якія выратавалі свет ад нацысцкага заняволення, аб'ядноўвае беларусаў і расіян. Свяшчэнны абавязак кожнага з нас - зрабіць усё магчымае, каб гістарычная праўда і памяць аб Вялікай Айчыннай вайне жылі ў вяках, прадаўжаючы з'ядноўваць два народы і забяспечваючы непарыўную сувязь пакаленняў, - гаворыцца ў віншаванні. - Упэўнены, што міждзяржаўны Дагавор аб гарантыях бяспекі ў рамках Саюзнай дзяржавы, які ўступіў у сілу, цеснае ваеннае і ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва будуць і ў далейшым выступаць надзейнай абаронай ад паўтарэння страшных падзей мінулага, а сумесныя намаганні па пашырэнні ініцыятывы Еўразійскай хартыі разнастайнасці і шматпалярнасці ў XXІ стагоддзі закладуць аснову архітэктуры роўнай і непадзельнай бяспекі на нашым вялікім кантыненце".

Віншуючы Прэзідэнта Грузіі Міхаіла Кавелашвілі, Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што 9 Мая - гэта сімвал бяспрыкладных мужнасці і стойкасці ўсіх тых, хто змагаўся з фашызмам на фронце і працаваў у тыле, абараняючы свабоду і незалежнасць роднай зямлі.

"Значны ўклад у вызваленне агульнай Радзімы ад карычневай чумы зрабілі беларусы і грузіны. Мінскам ушанавана памяць аб Сярго Чыгладзэ і Мірзу Гелавані, якія здзейснілі бессмяротныя подзвігі ў баях за Беларусь і сталі для нас увасабленнем воінскай доблесці адважных сыноў Грузіі. Упэўнены, што бязмежныя ўдзячнасць і павага да герояў-пераможцаў будуць і ў далейшым заставацца важным фактарам ва ўмацаванні дружбы паміж нашымі краінамі і народамі", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

У пасланні Прэзідэнту Славакіі Петэру Пелегрыні з нагоды 80-й гадавіны Перамогі ў Другой сусветнай вайне ў Еўропе Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гэта важная для двух народаў дата з'яўляецца сімвалам мужнасці і адвагі і нагадвае кожнаму пра бясцэнную  важнасць мірнага неба, абавязак заўсёды шанаваць сваю гісторыю і абараняць Айчыну.

"Рады адзначыць, што ў Славакіі з павагай ставяцца да памяці аб воінах-вызваліцелях, у тым ліку беларусах, якія плячо ў плячо са славакамі змагаліся з нацызмам і аддалі жыццё за свабоду вашай краіны. Перакананы, што ўважлівыя адносіны да нашай спадчыны і непарыўныя чалавечыя сувязі ствараюць трывалую аснову для далейшага паглыблення супрацоўніцтва паміж Мінскам і Браціславай, садзейнічаюць умацаванню бяспекі на Еўрапейскім кантыненце", - гаворыцца ў віншаванні.

Звяртаючыся да прэм'ер-міністра Славакіі Роберта Фіца, Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што больш за 80 гадоў таму народы Еўропы аб'ядналіся ў барацьбе супраць нацысцкай пагрозы, якая навісла над светам, і паказалі прыклад непахісных мужнасці і гераізму.

"Упэўнены, што атрыманая цаной велізарных страт Вялікая Перамога назаўсёды застанецца сімвалам трыумфу дабра над злом, свабоды над зняволеннем. Беларускі народ высока цэніць, што ў вашай краіне захоўваецца памяць аб подзвігу савецкіх і славацкіх воінаў, якія разам змагаліся супраць карычневай чумы. Лічу, што ахова агульнай гістарычнай праўды можа служыць надзейным фундаментам не толькі для развіцця і ўмацавання беларуска-славацкіх адносін, але і для забеспячэння міру і стабільнасці ва ўсёй Еўропе", - падкрэсліў беларускі лідар.

У віншаванні народу Украіны Прэзідэнт канстатаваў, што 9 Мая - свяшчэнная дата для беларусаў і ўкраінцаў, дзень памяці аб бессмяротным подзвігу савецкіх людзей, якія аб'ядналіся супраць нацызму, і дзень вечнага смутку па мільёнах зламаных лёсаў і надзей.

"Сумесная барацьба ў гады Вялікай Айчыннай вайны - яркі прыклад дружбы і ўзаемавыручкі беларускага і ўкраінскага народаў. Захаваць гістарычную праўду аб тых памятных падзеях з'яўляецца нашым агульным абавязкам перад мінулымі і будучымі пакаленнямі, - гаворыцца ў пасланні. - Сёння, калі ў некаторых краінах спрабуюць перагледзець вынікі Другой сусветнай вайны, апраўдаць нацызм і яго прыхільнікаў, Беларусь робіць усё магчымае, каб прадухіліць паўтарэнне памылак мінулага, абараніць і захаваць імёны сапраўдных пераможцаў і вызваліцеляў свету ад карычневай чумы".

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў Беларусі добра ведаюць і шануюць сыноў Украіны, якія ваявалі і аддалі сваё жыццё за вызваленне беларускай зямлі. "Удзячнасць героям за падораныя свабоду і незалежнасць назаўсёды застанецца ў сэрцы кожнага беларуса", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Віншуючы народ Малдовы з 80-й гадавінай Вялікай Перамогі, Прэзідэнт выказаў перакананне, што пачуцці гонару, радасці і смутку, якія аднолькава глыбока перажываюцца ў гэты дзень і ў Мінску, і ў Кішынёве, дазволяць умацаваць узаемаразуменне і давер паміж двума народамі, як завяшчалі бацькі і дзяды.

"9 Мая - не толькі сімвал доблесці і адвагі шматнацыянальнага савецкага народа, які адстаяў для нашчадкаў права на існаванне, але і напамін аб незлічоных ахвярах і пакутах, прынесеных вайной, нетрываласці міру і важнасці яго захавання. У гэты дзень мы схіляем галовы перад памяццю мільёнаў людзей, якія аддалі свае жыцці за свабоду і незалежнасць Радзімы. Без павагі да мінулага і яго ўрокаў  мы асуджаны на паражэнне ў будучым", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка таксама павіншаваў з Днём Перамогі прадстаўнікоў вышэйшага кіраўніцтва Расійскай Федэрацыі і Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі, кіраўнікоў міжнародных і рэгіянальных арганізацый.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі