Іраклій Кабахідзэ. Фота Reuters
9 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў прэм'ер-міністра Грузіі Іраклія Кабахідзэ з паспяховым правядзеннем выбараў у органы мясцовага самакіравання. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
"Упэўненая перамога кандыдатаў "Грузінскай мары" з'яўляецца пацвярджэннем іх адпаведнасці высокім стандартам адказнасці, надзейнасці і прафесіяналізму, а таксама сведчыць аб шырокай падтрымцы ўзятага Вамі курсу на суверэннае развіццё краіны і кансалідацыю грамадства", - гаворыцца ў віншаванні.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў цвёрдае імкненне Беларусі паглыбляць адносіны дружбы і супрацоўніцтва з Грузіяй. "Лічу, што народныя выбраннікі ўнясуць важкі ўклад у пашырэнне беларуска-грузінскіх міжрэгіянальных сувязей, будуць садзейнічаць рэалізацыі новых гандлёва-эканамічных і гуманітарных праектаў", - адзначыў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка пажадаў Іраклію Кабахідзэ выдатнага здароўя і поспехаў у адказнай дзяржаўнай дзейнасці.-0-
