
17 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка павіншаваў народнага пісьменніка Беларусі Мікалая Чаргінца з 85-годдзем. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
"Ваша жыццё - яркі прыклад служэння свайму народу і Радзіме. Ваеннае ліхалецце, работа ў праваахоўных органах, выкананне інтэрнацыянальнага абавязку ў Афганістане, непасрэдны ўдзел у стварэнні Саюза Беларусі і Расіі, прадстаўленне інтарэсаў нашай рэспублікі ў ААН - вехі вялікага шляху, якія знайшлі адлюстраванне ў вашай творчасці", - гаворыцца ў віншаванні.
Прэзідэнт адзначыў, што Мікалай Чаргінец - адзін з самых папулярных сучасных беларускіх пісьменнікаў. Больш за паўсотню яго кніг перакладзена на 18 замежных моў. Гледачы высока ацанілі мастацкія кінафільмы, створаныя паводле раманаў пісьменніка "Бег ад смерці", "Вам - заданне", "Маёр Ветраў".
"Грамадзянская пазіцыя і аўтарытэт дазволілі захаваць і развіць грамадскае аб'яднанне "Саюз пісьменнікаў Беларусі", якое вы ўзначальвалі больш за 15 гадоў, - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. - Упэўнены, што і ў далейшым як ганаровы старшыня СПБ і сустаршыня Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы вы прадоўжыце работу па кансалідацыі грамадства на аснове патрыятызму, адзінства і згоды".
Аляксандр Лукашэнка пажадаў Мікалаю Чаргінцу моцнага здароўя, невычэрпнага творчага натхнення, шчасця і дабрабыту.-0-