
19 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў Надзею Ермакову з юбілеем. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
"Усё Ваша жыццё - прыклад добрасумленнай і самаадданай працы на карысць Радзімы, - гаворыцца ў віншаванні. - Выбраўшы банкаўскую справу ў якасці прафесіі, Вы многія гады прысвяцілі фінансавай сферы, прайшлі шлях ад крэдытнага інспектара да кіраўніка цэнтральнага банка краіны".
Кіраўнік дзяржавы адзначыў вялікі ўклад, які ўнесла Надзея Ермакова ў развіццё не толькі банкаўскай сістэмы, але і ўсёй эканомікі ў час работы на чале буйнейшага ў краіне Беларусбанка і на пасадзе старшыні праўлення Нацыянальнага банка. Высокай ацэнкі, паводле слоў Прэзідэнта, заслугоўвае і яе дзейнасць у якасці члена Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу на працягу чатырох скліканняў. "Пры гэтым Вы змаглі застацца выключна сціплым, добрым і спагадлівым чалавекам, да якога і сёння можна звярнуцца за прафесійнай парадай і дапамогай, - падкрэсліў беларускі лідар. - Упэўнены, багаты жыццёвы вопыт, арганізатарскі талент, актыўная грамадзянская пазіцыя дадуць Вам магчымасць яшчэ доўгія гады прыносіць карысць нашай роднай Беларусі".
Аляксандр Лукашэнка пажадаў Надзеі Ермаковай моцнага здароўя, міру і дабрабыту.-0-