ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Нядзеля, 26 чэрвеня 2022
Мінск Ясна +27°C
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
19 студзеня 2022, 09:06

Лукашэнка пацвердзіў планы правесці рэферэндум па папраўках у Канстытуцыю ў лютым

19 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Рэферэндум па змяненнях і дапаўняннях у Канстытуцыю плануецца правесці ў лютым бягучага года, як і было абяцана раней. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 18 студзеня на нарадзе па выніках усенароднага абмеркавання праекта змяненняў у Канстытуцыю, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

З улікам прапаноў і заўваг, якія былі выказаны ўдзельнікамі нарады, Прэзідэнт даручыў дапрацаваць праект і ўнесці яму на разгляд у бліжэйшы час. "Калі ёсць нейкія рэчы, якія трэба недзе шліфануць, то трэба шліфануць, таму што будуць жа крытыкаваць потым людзі, скажуць, што недасведчаныя напісалі Канстытуцыю. Паглядзіце. Але так, каб мы не парушылі закон і выйшлі на рэферэндум своечасова" , - сказаў беларускі лідар.

"Думаю, што нам трэба ў лютым правесці, як мы і абяцалі (мы ж абяцалі ў лютым правесці), рэферэндум", - сказаў беларускі лідар.

"Няхай людзі выкажуць сваё меркаванне. Ніхто не будзе націскаць. Мы выказваем адкрыта сваю пазіцыю. Пройдзе, не пройдзе (будзе ці не будзе прыняты на рэферэндуме новы праект Канстытуцыі. - Заўвага БЕЛТА) - народ вырашыць. Галоўнае, народу давесці сутнасць, соль: дарагія, паважаныя таварышы, вось мы прапануем гэту Канстытуцыю, чаму - вось прычыны. Аб гэтым я яшчэ буду гаварыць у Пасланні (да народа і парламента. - Заўвага БЕЛТА) у бліжэйшы час", - звярнуў увагу беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, як некалькі гадоў таму таксама ў час Паслання да народа і парламента заявіў аб неабходнасці падрыхтаваць папраўкі ў Канстытуцыю. А пазней гэту ідэю выдалі за сваю апаненты ўлады, запатрабаваўшы нейкіх "перамен". "Гэта не яны ініцыявалі гэтыя змяненні, - указаў на паслядоўнасць падзей кіраўнік дзяржавы. - Мы даўно падыходзілі ўжо да пытання змянення Канстытуцыі. Але востра так пытанне не стаяла. А тут, глядзіш, і наша так званая апазіцыя ў 2020 годзе выступіла за змяненні, за "перамены".

"Укралі ідэю ў Прэзідэнта, які ўжо даўно, два гады да гэтага гаварыў аб змяненнях у Канстытуцыю, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Цывілізаванае грамадства, дзяржава, народ - мы выбудоўваем ад Канстытуцыі, ад Асноўнага закона гэтыя перамены".

Кіраўнік дзяржавы лічыць, што гэтыя пасылы трэба развіць у грамадстве, каб людзі разумелі, чаму наспелі канстытуцыйныя змяненні, да чаго яны прывядуць і галоўнае, што яны абумоўлены часам, абставінамі, а не жаданнем асабіста Прэзідэнта.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі