
17 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, прымаючы кадравыя рашэнні 17 красавіка, падрабязна распытаў пра стан спраў на "Магілёўліфтмашы" і абазначыў важныя задачы для новага кіраўніка прадпрыемства, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы даў згоду на назначэнне Руслана Страхара генеральным дырэктарам ААТ "Магілёўскі завод ліфтавага машынабудавання". Прэзідэнт падрабязна распытаў новага кіраўніка пра стан спраў у холдынгу.
Аляксандру Лукашэнку далажылі, што там працуюць усяго 5,5 тыс. чалавек, у тым ліку на галаўной пляцоўцы, уключаючы завод "Электрарухавік", - 4,8 тыс. чалавек. Да холдынга таксама адносяцца ААТ "Зеніт" (размешчана ў Магілёве), якое займаецца электронікай, ААТ "Завод "Ветразь" (Віцебская вобласць), а таксама сельгаспрадпрыемства ў Быхаўскім раёне, дзе працуюць больш за 130 чалавек.
"Усе гэтыя прадпрыемствы холдынга заняты, працуюць на поўную магутнасць? - спытаў Прэзідэнт. - Эканамічна яны эфектыўныя?"
Руслан Страхар адказаў сцвярджальна, падкрэсліўшы, што на гэты момант усе прадпрыемствы працуюць стабільна. "І ў цэлым холдынг "Магілёўліфтмаш" па мінулым годзе атрымаў амаль Br50 млн чыстага прыбытку", - сказаў ён. Паводле яго слоў, прыярытэтным напрамкам дзейнасці па-ранейшаму застаецца экспарт прадукцыі на расійскі рынак: "Кожны раз на "Магілёўліфтмашы" тэма нумар адзін - прасоўванне ліфтаў на расійскі рынак, няпросты, канкурэнтны, але, як кажам, наш". Тым больш што цяпер у Расіі рэалізуецца маштабная праграма па замене ліфтаў.
Размова зайшла таксама пра былога кіраўніка холдынга Сяргея Чарткова, які ў сакавіку бягучага года быў узгоднены на пасаду старшыні Магілёўскага гарвыканкама.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што, прымаючы тады кадравае рашэнне, арыентаваў Сяргея Чарткова, каб ён на некаторы час заставаўся ўключаным у справы прадпрыемства, пакуль наступны кіраўнік поўнасцю ўвойдзе ў курс справы. Тым больш, што прадпрыемства размешчана ў Магілёве і гарвыканкам зацікаўлены ў яго эфектыўным развіцці. У той жа час і Руслан Страхар, які раней працаваў намеснікам старшыні Магілёўскага аблвыканкама, павінен аказаць садзейнічанне мэру Магілёва, каб добраўпарадкаваць горад, зрабіўшы яго больш прыгожым і ўтульным.
"Трэба, каб Магілёў быў сапраўдным прыгожым і ўтульным горадам", - звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. - Пакуль гэты абласны цэнтр адстае ад іншых, мяркуе Прэзідэнт.
"Нядобра будзе, калі горад не прывядзём у парадак", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. У якасці прыкладу таго, як можна правесці добраўпарадкаванне, Прэзідэнт згадаў зону адпачынку ў парку Падніколле, якую абнавілі, рэканструявалі, дзякуючы чаму гэта месца стала вельмі запатрабаваным у жыхароў і гасцей Магілёва. "Зону адпачынку зрабілі - усе людзі там, і моладзь асабліва. Людзі добра адзываюцца", - адзначыў Прэзідэнт.
"Тут трэба і прадпрыемствы каб падставілі сваё плячо", - дадаў кіраўнік дзяржавы.
"Задача зразумелая. Будзем разам", - адказаў на гэта Руслан Страхар.-0-