
6 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі стараюцца прытрымлівацца запаведзей Госпада. У гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка запэўніў у час сустрэчы Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Яшчэ раз дзякую вам за тое, што вы знайшлі магчымасць на велізарнай тэрыторыі Рускай праваслаўнай царквы наведаць Беларусь. Я ўпэўнены, што сапраўды ў вашым сэрцы Беларусь. Упэўнены, што вы аддаяце належнае спакою і цішыні, у якой развіваецца наша краіна. Хоць, вы бачыце, як бывала гэта раней, і нават на нашай з вамі памяці - не ўсё спакойна вакол Беларусі. Заўсёды некаму нешта карціць. Але мы стараемся запаведзі Госпада не парушаць у Беларусі. Таму нам удаецца рэалізоўваць гэтыя (пачынанні і памкненні. - Заўвага БЕЛТА) і жыць больш-менш спакойна" - сказаў кіраўнік дзяржавы.

"Паспяхова рэалізоўваць", - заўважыў Патрыярх Кірыл.
"Не скажу, што мы вельмі багатыя. Хто як можа, як заробіць з дапамогай Госпада. Але калі сам працуеш, Гасподзь дапамагае, мы гэту таксама запаведзь памятаем", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
"Правільна", - пагадзіўся Патрыярх.
Кіраўнік дзяржавы запэўніў, што ў гэтым плане ў Беларусі і стараюцца арганізоўваць сваё жыццё: "За Беларусь вы можаце быць абсалютна спакойны".
Аляксандр Лукашэнка расказаў, што нядаўна выступіў з ініцыятывай па стварэнні ў Беларусі рэлігійных цэнтраў розных канфесій. "Праваслаўе ў нас, каталіцызм. Гэта асноўныя нашы канфесіі. Вядома, пры пераважнай большасці праваслаўных (па колькасці. - Заўвага БЕЛТА), - сказаў Прэзідэнт. - Ёсць і католікі. У Савецкім Саюзе гэта была другая каталіцкая канфесія пасля Літвы".
Што датычыцца праваслаўных, то такі рэлігійны цэнтр ужо створаны ў Жыровічах. "Мы вельмі многае там зрабілі. Я быў там, прынялі рашэнне з уладыкам (Мітрапаліт Веніямін. - Заўвага БЕЛТА), што мы зробім там праваслаўны цэнтр паломніцтва. Многае зрабілі", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.
"Жамчужыну", - пацвердзіў Мітрапаліт.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што змяніўся не толькі манастыр у Жыровічах, але і ўвесь край: "Менавіта край. Не толькі манастыр, царква. Увогуле ўсе землі, якія навокал. Уладыку аддалі - бярыце, апрацоўвайце там з людзьмі манастыра".

Патрыярх Кірыл на гэта заўважыў, што і Гасподзь сказаў Адаму: "Вось зямля, бяры і апрацоўвай".
Прадаўжаючы размову аб стварэнні рэлігійных цэнтраў, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што і прадстаўнікі іншых канфесій займаюцца гэтым: "У нас такія ёсць цэнтры, якія трэба прывесці ў парадак. Ну і каб крыўды не было - калі ласка, выбірае дарогу да храма свайго кожны з нашых людзей. Таму мы рэалізоўваем гэтыя пачынанні. Я не бачу крыўды з боку мусульман, католікаў, іўдзеяў. Я не бачу ніякіх праблем. Яны ўспрынялі гэта добра".
"Так і павінна быць, - падтрымаў Патрыярх Кірыл. - Гэта традыцыйныя рэлігіі і ад іх наогул ніколі ніякіх адмоўных дзеянняў не было. У адрозненне ад розных сект, якія накіраваны на раздзяленне народаў. Секта - гэта частка. Філасофія і мэта секты - раздзяляць. Гэта небяспечна і для рэлігійнага жыцця народа, і для дзяржавы небяспечна. А традыцыйныя рэлігіі не маюць такіх мэт".-0-