
21 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на нарадзе па пытаннях удасканалення адукацыйнай сферы звярнуў увагу на часам невысокую якасць падрыхтоўкі педагогаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Хачу звярнуць увагу на падрыхтоўку выкладчыкаў і настаўнікаў у нашых ВНУ. Мы дрэнна рыхтуем у ВНУ студэнтаў. Былі памылкі і ў тыя часы ў нас, хоць строгі быў парадак, а цяпер жа вольніца. Выкладчыкі і рэктары забылі, што неабходна патрабаваць ад будучага спецыяліста пэўнага ўзроўню і даваць гэтыя веды. І калі якасны "прадукт" будзе выпушчаны з ВНУ, то нам і размовы тут не будзе, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - А сёння мы гаворым: і падручнік такі, і метадычныя напрацоўкі, распрацоўкі, планы... Таму што недавучваем мы настаўніка. Рознага ўзроўню падрыхтоўка (у педагогаў. - Заўвага БЕЛТА). А рыхтаваць трэба".
Кіраўнік дзяржавы пры гэтым канстатаваў, што часам па запатрабаваных напрамках сапраўды ў ВНУ прымаюць на мэтавую падрыхтоўку без экзаменаў, і першапачатковы ўзровень ведаў у такіх студэнтаў не заўсёды можа быць высокі. "Большасць мэтавікоў мы хочам у вас (у ВНУ. - Заўвага БЕЛТА) падрыхтаваць і накіраваць туды, куды трэба. Яны не праходзяць такі іспыт (уступны. - Заўвага БЕЛТА). Тут вы павінны ўжо дзяржаве дапамагчы - падрыхтаваць іх як належыць", - падкрэсліў беларускі лідар.
Ён адзначыў, што гэта датычыцца не толькі падрыхтоўкі ў ВНУ будучых настаўнікаў, але і, напрыклад, спецыялістаў у аграрнай сферы, многія з якіх таксама вучацца па мэтавым наборы.
Аб арганізацыі работы па павышэнні якасці школьнай адукацыі на нарадзе выступіла дырэктар сярэдняй школы нумар 73 горада Мінска Ірына Родзік. Паводле яе слоў, якасць абноўленых школьных падручнікаў і дапаможнікаў адпавядае патрабаванням, дае магчымасць дыферэнцыраваць заданні для вучняў з розным узроўнем ведаў. "Як настаўнік рускай мовы і літаратуры магу сказаць, што абноўленыя навучальныя дапаможнікі па гэтых прадметах на сённяшні дзень адпавядаюць сучасным патрабаванням. Яны маляўнічыя, добра ілюстраваныя. Матэрыял выкладзены для навучэнцаў даступна. А змест дае магчымасць выхоўваць у іх маральныя якасці, любоў да роднай зямлі. Можна сказаць, што падручнік сёння - гэта настольная кніга настаўніка, своеасаблівы метадычны дапаможнік, дзе ёсць розныя варыянты заданняў для любога ўзроўню падрыхтоўкі навучэнцаў. Задача настаўніка - не колькасцю заданняў здзіўляць вучня на ўроку, а якасна, глыбока працаваць з вучэбным матэрыялам, выкарыстоўваючы патэнцыял падручніка", - сказала яна.
Разам з тым кіраўнік школы згадзілася, што якасць адукацыі залежыць непасрэдна ад настаўніка. Лінейка навучальных дапаможнікаў ёсць, і галоўнае цяпер - стабільнасць і менш новаўвядзенняў, каб у настаўнікаў была магчымасць адпрацаваць па гэтых падручніках з 5-га па 11-ы класы.
Аляксандр Лукашэнка ў гэтым плане адзначыў, што падрыхтаванаму настаўніку сапраўды асабліва не патрэбны ніякія дадатковыя дапаможнікі і ўсё, што неабходна дадаткова, можна расказаць вучням, асноўваючыся на сваіх ведах і вопыце. Кіраўнік дзяржавы ведае аб гэтым і з асабістага вопыту - сам у мінулым вёў школьныя ўрокі. Тым больш цяпер у інтэрнэце можна знайсці шмат дадатковых матэрыялаў.
Дарэчы, менавіта ад людзей, якія валодаюць шырокімі гістарычнымі ведамі, у свой час паступіла прапанова аб устанаўленні ў Беларусі новага свята - Дня народнага адзінства. "Я тут доўга вагаўся. І так глядзеў, і гэтак. І глядзіце, які эфект дало гэта. І гэта ж праўда. Толькі не трэба замоўчваць ужо, на злобу кажучы, і іншы факт: чаму тая краіна, дзе мы былі, узяла, палову адрэзала і аддала палякам. Ну як бы мы сёння ні прыхарошвалі, што час такі быў, трэба было неяк, слабая краіна была і іншае, але калі бальшавікі ўчынілі рэвалюцыю, дык вы адказвайце за краіну", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
"Усё з ведаў павінна прыходзіць. І настаўнік, выкладчык са сваіх вопыту і ведаў павінен туды прыносіць. А мы ўсё шукаем буквар, дзе будзе прапісана, як мы (настаўнікі. - Заўвага БЕЛТА), сябе павінны паводзіць", - дадаў беларускі лідар.
Прэзідэнт таксама асабліва падкрэсліў важнасць наяўнасці якасных і цікавых падручнікаў: "Для мяне падручнік - гэта ўсё. Ведаеце, што самае страшнае, - падручнік палохае вучня. Вось гэтага быць не павінна. Ён баіцца да нейкага падручніка дакрануцца. А падручнік павінен прыцягваць вучня да сябе, гэты падручнік прыемна трымаць у руках. І я гаварыў, што не трэба на гэта шкадаваць грошай. Трэба выдаць добры падручнік, напісаны добрым шрыфтам, ілюстраваны. І галоўнае - веды. Калі нават там сцісла напісана - настаўнік растлумачыць, што гэта такое. Падручнік ужо будзе для вучня канспектам".-0-