21 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка патрабуе развіваць у краіне вытворчасць электрарухавікоў. Такую задачу кіраўнік дзяржавы паставіў у час наведвання новай аўтобуснай вытворчасці Мінскага аўтамабільнага завода, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы ў час наведвання прадпрыемства звярнуў асаблівую ўвагу на якасць прадукцыі і неабходнасць пастаяннага ўдасканалення. Таксама, паводле яго слоў, трэба арыентавацца на вытворчасць электратранспарту.
"Я ўжо гаварыў, што мы будзем абмяркоўваць з Прэзідэнтам Расіі (напэўна, момант зручны) будаўніцтва другой атамнай станцыі. Без электраэнергіі нічога не будзе. Не толькі ў прамысловасці, але і ў сельскай гаспадарцы патрэбна электраэнергія. Лішку не будзе. Паглядзіце: усе з глузду з'ехалі з гэтымі электрамабілямі - калі ласка, у нас ужо вопыт ёсць. Запраўкі электрычныя ёсць, аўтатранспарт ёсць ад легкавога да пасажырскага, грузавога", - заўважыў Прэзідэнт.
"Нейкія напрацоўкі па электрарухавіках ёсць. Трэба проста рухацца наперад", - упэўнены беларускі лідар.
"Усе тралейбусы ў нас аснашчаны магілёўскімі электрарухавікамі. Мы ўжо тры гады з імі працуем", - адзначыў генеральны дырэктар МАЗа Валерый Іванковіч.
"Вось яшчэ для інвестпраграмы адна тэма - вытворчасць электрарухавікоў. Ужо ёсць школа, ужо ёсць людзі, якія гэта разумеюць. Трэба ў гэтым плане паглыбляцца, і гэта сёння патрэбна, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Будзе попыт, будзе запатрабаванне - зробім добры рухавік і ячэйкі для акумулятарнай батарэі зробім, не будзем купляць і збіраць у сябе. Усё паступова будзем рабіць".-0-