29 мая, Орша /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ставіць задачу захаваць і нарошчваць на заводзе "Легмаш" у Оршы выпуск прадукцыі мірнага прызначэння разам з асваеннем вытворчасці новых вырабаў для ВПК. Аб гэтым ён заявіў, наведваючы гэта прадпрыемства, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўніку дзяржавы далажылі пра стан спраў на прадпрыемстве. Апошнім часам яно ў тым ліку задзейнічана для вытворчасці спецыяльных вырабаў у сферы ВПК. Плануецца і далей пашыраць наменклатуру прадукцыі.
"Мала што ў нас не было. Не будзем жа мы ўвесь час "лапці плесці". Трэба вырабляць і сур'ёзную прадукцыю", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка, рэагуючы на даклад аб асваенні вытворчасці новых відаў прадукцыі.
Важна адзначыць, што "Легмаш" многія гады выпускаў і выпускае і тавары цалкам мірнага, грамадзянскага прызначэння - ад чыгунных скаварод і казаноў да вырабаў, прызначаных для нафтагазавай галіны. Гэта ў тым ліку фарміравала значны экспартны складнік у рабоце прадпрыемства.
Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў і даручыў КДК узяць на кантроль, каб, працуючы над рэалізацыяй ваенных заказаў, вытворчасць такой мірнай і запатрабаванай прадукцыі не адышла на другі план або не знікла зусім. "Калі ёсць попыт, трэба рабіць. Ёсць навыкі, школа, людзі, і яны павінны гэта рабіць. На кантроль вельмі жорсткі", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
Ён падкрэсліў, што ўсё гэта трэба рабіць адначасова і не на шкоду ВПК. "Трэба мірную прадукцыю, не для ВПК, выпускаць і нарошчваць. Губіць экспарт - гэта злачынства. Вазьмі на жалезны кантроль разам з памочнікам, старшынёй выканкама", - даручыў Аляксандр Лукашэнка старшыні КДК Васілю Герасімаву.
Размаўляючы з работнікамі прадпрыемства, Аляксандр Лукашэнка сказаў: "У нас павінна быць кароткая, але шчырая размова. Мы вельмі сур'ёзна пачалі працаваць у гэтай частцы Оршы на "Легмашы".
"Сказаць, што я задаволены на сённяшні дзень вашай работай, - абсалютна не. Таму і прыехаў. Незадаволены я і работай начальнікаў. Больш за ўсё - цэнтральных органаў, - заўважыў Прэзідэнт. - Сёння я раблю ўсё для таго, каб вас вярнуць на высоканавуковую, высокапрадукцыйную дакладную і прыбытковую вытворчасць. Я перш за ўсё гавару пра вытворчасць вырабаў для ВПК. Вы разумееце, пра што ідзе гаворка. Вам не ўсё роўна, будзе ў нас сур'ёзная абарона ў краіне ці не. Для мяне тым больш. Тое, што вы тут робіце, гэта нам у дзяржаве і за мяжой патрэбна заўсёды. Гэтыя вырабы патрэбны будуць заўсёды".
Прэзідэнт яшчэ раз падкрэсліў, што разам з выпускам новай прадукцыі ў інтарэсах ВПК важна не загубіць і ўжо існуючыя кампетэнцыі прадпрыемства па грамадзянскай наменклатуры тавараў. "Тое, што вы ўмелі рабіць і ішло на экспарт, загубіць не дазволена. Аднавіць вытворчасць і перасягнуць вытворчасць грамадзянскай прадукцыі", - ставіць задачу беларускі лідар.
"Я вас прашу, вы павінны з разуменнем да гэтага паставіцца, таму што для Оршы зроблена нямала. Вы павінны выдаць тое, што я патрабую ад урада. А яны прыйшлі да вас, каб аднавіць вытворчыя памяшканні і вырабіць вельмі патрэбны для ўсяго свету тавар" , - рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.-0-