Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
01 верасня 2021, 11:46

Лукашэнка папрасіў вучняў і педагогаў прыходзіць у школу, як у храм

1 верасня, Бабруйск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заклікаў вучняў і педагогаў прыходзіць у школу, як у храм. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў сёння ў час удзелу ва ўрачыстых мерапрыемствах у сярэдняй школе нумар 35 Бабруйска, прысвечаных Дню ведаў і адкрыццю новай установы адукацыі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Да Дня ведаў у розных кутках Беларусі свае дзверы для дзяцей і педагагічных калектываў упершыню адкрываюць сем школ.

Кіраўнік дзяржавы звярнуўся да вучняў, іх бацькоў і педагогаў: "Прыходзьце ў школу, як у храм, і прайдзіце гэты шлях дастойна. Таму што гэта ваш фундамент на ўсё жыццё. Будзеце вучыцца нармальна, атрымаеце веды - значыць, будзеце канкурэнтныя ў гэтым жыцці, зможаце атрымаць нармальнае рабочае месца, а значыць, і нармальную зарплату. Калі вы проста пройдзеце па школе ўлегцы, у будучым ні на ўладу, ні на бацькоў не крыўдуйце. Вы прыйшлі сюды вучыцца. Асабліва гэта датычыцца выпускнікоў".

"Сёння для вас не толькі пачынаецца новы навучальны год - закладваюцца традыцыі вашай новай навучальнай установы. Гэтыя традыцыі застануцца пасля вас і будуць ствараць непаўторную атмасферу школьных будняў. І гэта атмасфера будзе фарміраваць асобу кожнага дзіцяці, закладзе фундамент яго будучыні", - дадаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка пажадаў педагогам знайсці свой унікальны стыль у арганізацыі навучальнага і выхаваўчага працэсу, стварыць праекты, якія ўключаць у школьнае жыццё бацькоў. "У нейкім жа сэнсе яны таксама ідуць да вас вучыцца разам са сваім дзіцем, - заўважыў ён. - Зрабіце так, каб арганізаваны тут для бацькоў, дзяцей і педагогаў вольны час стаў, як я ўжо сказаў, традыцыяй. Традыцыяй, якая, я спадзяюся, будзе ствараць моду на здаровы лад жыцця. Сёння гэта вельмі актуальна".

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што дзецям трэба прывіць любоў да спорту, навучыць замалада берагчы сваё здароўе. "Бо яно - гарант іх бяспечнага і шчаслівага будучага", - звярнуў ён увагу.

Прэзідэнт пажадаў вучням, педагогам і бацькам паспяховага, цікавага і запамінальнага навучальнага года. "Дзецям, якім толькі давядзецца адкрыць для сябе свет школьнай навукі, жадаю знайсці сапраўднага сябра. Шукайце гэтага сябра ў сваім настаўніку. Гэта будзе ваш самы надзейны і адданы сябар. Старшакласнікам і выпускнікам - разумення важнасці ведаў, атрыманых у школе, для дасягнення мэт, да якіх яны імкнуцца. Цярпення, сіл, творчага натхнення вашым педагогам. Толькі той, хто ўмее цярпець і пераадольваць цяжкасці, зможа дабіцца поспехаў у гэтым жыцці. У гэтым шалёным свеце, абсалютна незразумелым на сёння, куды ён рухаецца. Нам будзе вельмі няпроста ў гэтым свеце. І нам трэба зберагчы ўсё, што мы сёння маем", - рэзюмаваў беларускі лідар.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі