Сцяг Нядзеля, 18 мая 2025
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
20 красавіка 2025, 13:01

Лукашэнка папярэдзіў, што гэты год будзе сур'ёзным у плане навядзення парадку ў краіне

20 красавіка, Талачын /Кар. БЕЛТА/. Гэты год будзе вельмі сур'ёзным у плане навядзення парадку ў нашай краіне. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, наведваючы храм у Талачыне, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Прэзідэнт расказаў, што, пад'язджаючы да храма, ён абмяркоўваў са старшынёй райвыканкама работу Талачынскага раёна. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што па паказчыках гэта адзін з лепшых раёнаў не толькі ў Віцебскай вобласці, але і ў краіне. Тым не менш Прэзідэнт закрануў і надзённыя тэмы навядзення парадку на зямлі. Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў, што па ўсёй Віцебскай вобласці пройдуць праверкі, асабліва па падзяжы жывёлы.

"Я заўважыў, што тыя, каму мы нямала дапамагалі, дрэнна працуюць. Таму - у царкве не хлусяць - павінен вам адкрыта сказаць: гэты год будзе вельмі сур'ёзны ў плане навядзення парадку ў нашай краіне", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Гаворачы пра Год добраўпарадкавання, Прэзідэнт звярнуў увагу, што размова ідзе не аб тым, што трэба проста падмесці вуліцы і высадзіць дрэвы: "Кожны на сваім прысядзібным участку, калі гэта ў вёсцы, ды і ў гарадах, павінен навесці адпаведны парадак". Аляксандр Лукашэнка дадаў, што ў нашай краіне не павінна быць у тым ліку пустуючых і закінутых зямель.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што гісторыя храма ў Талачыне налічвае больш за 400 гадоў, але ён выдатна захаваўся, у тым ліку дзякуючы таму, што яго даглядалі і падтрымлівалі ў парадку. "Уяўляеце, колькі ён бачыў на сваім жыццёвым вяку і колькі яшчэ ўбачыць дзякуючы нашым клапатлівым рукам. Ён акуратны, дагледжаны. Гэтак жа, як мы будзем даглядаць (я вельмі спадзяюся, разлічваю на вас), будзем глядзець за парадкам у нашай краіне ў Год добраўпарадкавання".

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што беларусы павінны дастойна пражыць гэты год, стварыўшы нармальныя ўмовы для жыцця, перш за ўсё нашых дзяцей. "Не заўсёды і не ўсюды так атрымліваецца, асабліва ў Віцебскай вобласці. Таму я і сказаў старшыні райвыканкама (прадстаўніку Прэзідэнта тут): інсайдарская табе інфармацыя - рыхтуйся да вельмі сур'ёзных кантрольных праверак", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі,у час праверак трэба будзе ацаніць, чаго дасягнула Віцебская вобласць за мінулыя гады.

"Карыстаючыся выпадкам, знаходзячыся ў гэтым храме Божым, хачу вас папрасіць: рабіце на сваім месцы тое, што павінны рабіць. Гэта значна лягчэй, значна прасцей, чым у паўднёвых нашых суседзяў. Не хацелася б, каб мы да гэтага дайшлі. Таму трэба было працаваць і рабіць сваю справу", - адзначыў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы паабяцаў, што ў аснове яго палітыкі будзе справядлівасць: зарабіў - атрымаў. "Гасподзь нам нафты-газу ў гэту зямельку не ўклаў, каб мы маглі напампаваць, па трубе некаму прадаць, а грошы падзяліць. У нас гэтага няма, мы ўсё сваімі рукамі закладваем. Напэўна, у гэтым нейкі сэнс, калі Ён так вырашыў. Таму давайце будзем карыстацца тым, што ў нас ёсць, і берагчы сваю беларускую зямлю", - сказаў на заканчэнне Прэзідэнт.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі