Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
04 лістапада 2021, 19:33

Лукашэнка панаракаў, што Пуцін паехаў у Крым і яго з сабой не запрасіў

4 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння на пасяджэнні Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы панаракаў, што расійскі калега, які ў гэты дзень знаходзіцца ў Севастопалі, не запрасіў яго ў Крым, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Падводзячы вынікі пасяджэння ВДС, Аляксандр Лукашэнка адзначыў: ён і Прэзідэнт Расіі яшчэ знойдуць час для таго, каб абмеркаваць некаторыя пытанні саюзнага будаўніцтва. "Я проста хачу на заканчэнне членам Вышэйшага дзяржсавета паскардзіцца. Украіна закрыла для Беларусі неба, і мы ніяк не можам трапіць праз Украіну ў Крым. А там у нас і ўласнасць, і іншыя ёсць праблемы. І вось Уладзімір Уладзіміравіч мне ўсё абяцаў-абяцаў, што з сабой возьме ў Крым, пакажа навінкі, што там новага зроблена. А зроблена нямала. Па дарозе правязе ў Крым. Але вось сёння адзін паехаў і мяне з сабой не запрасіў. Таму я вось з такой скаргай перад членамі Вышэйшага дзяржсавета выступаю", - сказаў Прэзідэнт Беларусі.

Ён выказаў меркаванне, што калі не ў Крым, то можна разам наведаць Санкт-Пецярбург - малую радзіму Уладзіміра Пуціна, - паглядзець, што там робіцца.

"У сваю чаргу я вас запрашаю да сябе на радзіму (вы ведаеце гэта месца), і ў Мінск пры любым зручным выпадку", - сказаў Прэзідэнт Беларусі.

"Гэта так, для разрадкі напружанасці. Але ў гэтым жарце ёсць толькі доля жарту. Усё гэта праўда", - дадаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка прызнаўся, што яму хацелася б паглядзець нядаўна ўстаноўлены ў Севастопалі помнік. Ён прысвечаны ўсім, хто ў 1918-1920 гады ваяваў у Грамадзянскую вайну. Мемарыял устаноўлены на беразе Каранціннай бухты. "Дзіўнае цуда. Я, гісторык, гэтага не ведаў. Уладзімір Уладзіміравіч мне расказаў, што два браты-блізняты. Адзін за белую гвардыю ваяваў, другі - за чырвоных, - адзначыў Прэзідэнт. - Гэта важны помнік. Хацелася б паглядзець на гэты помнік і ведаць гэту гісторыю".

Уладзімір Пуцін адзначыў, што ён сапраўды ў гэты дзень удзельнічаў у пасяджэнні ВДС знаходзячыся ў Севастопалі з нагоды Дня народнага адзінства, які адзначаецца ў Расіі. "Помнік вельмі добры, рэкамендую паглядзець. І гісторыя, вядома, вельмі вострая", - сказаў ён.

Расійскі лідар адзначыў, што Прэзідэнта Беларусі заўсёды будуць рады бачыць, каб ён у тым ліку мог асабіста агледзець гэты помнік.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі