3 ліпеня, Мінск /Міхаіл Маціеўскі - БЕЛТА/. Памяць аб тых, хто змагаўся ў гады Вялікай Айчыннай вайны, - частка нацыянальнай самасвядомасці беларусаў. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на парадзе ў гонар 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Дня Незалежнасці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Роўна 75 гадоў таму тут адгрымелі апошнія баі за сталіцу нашай Радзімы - горад Мінск. Гэта была перамога над самой смерцю. Гэта быў трыумф адзінства і сілы духу вялікага пакалення воінаў-вызваліцеляў, - заявіў кіраўнік дзяржавы. - Сёння мы зноў успамінаем усіх, хто гераічна трымаў удар агрэсара. І гэта памяць - частка нашай нацыянальнай самасвядомасці".
З году ў год 3 ліпеня беларускі народ асабліва востра ўспрымае гераічныя эпізоды Вялікай Айчыннай вайны, канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. "Пражываем нанова кожны факт, быццам самі да апошняй кроплі крыві абаранялі Брэсцкую крэпасць і Буйніцкае поле, паміралі ў лагеры смерці "Трасцянец" і дзіцячым канцлагеры "Чырвоны Бераг", гарэлі ў Хатыні і фарсіравалі Дняпроўскі рубеж", - сказаў Прэзідэнт.
Ён нагадаў, што Беларусь першай прыняла на сябе ўдар захопнікаў, стала жывым шчытом на іх шляху, і ні пядзі роднай зямлі не было аддадзена без бою. Супраціўленне пачалося з першых хвілін уварвання ворага, але нават разбураная і акупіраваная Беларусь засталася няскоранай, звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.-0-