Сцяг Аўторак, 30 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
11 красавіка 2024, 12:02

Лукашэнка: палёт Васілеўскай вывеў Беларусь на новы ўзровень удзелу ў касмічных праграмах

11 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Палёт касманаўта Марыны Васілеўскай на МКС вывеў суверэнную Беларусь на новы ўзровень удзелу ў касмічных праграмах і новы ўзровень саюзных адносін з Расіяй. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на ўрачыстай цырымоніі ўшаноўвання беларускіх касманаўтаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы, адкрываючы мерапрыемства, звярнуў увагу, што апошнія два тыдні краіна жыла пад адным лозунгам, дэвізам, ідэяй: "Космас наш!"
"Усе мы аб гэтым думалі, марылі - здзейснілася", - сказаў Прэзідэнт. Менавіта з гэтымі словамі, заўважыў ён, у краіне праводзілі і сустракалі першага ў гісторыі суверэннай Беларусі касманаўта - Марыну Васілеўскую.
"Вядома, мы ганарымся нашымі землякамі - усімі, хто ў розныя гады прыносіў славу сваёй Радзіме, развіваючы касмічныя тэхналогіі і пакараючы космас", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

З асаблівай цеплынёй у Беларусі радуюцца, садзейнічаюць, наколькі гэта магчыма, поспехам свайго суайчынніка Алега Навіцкага, які падставіў плячо і зрабіў усё, каб Марына Васілеўская змагла адаптавацца да складаных умоў і нестандартных задач, адзначыў Прэзідэнт.
"Яе палёт - гэта новы ўзровень удзелу ў касмічных праграмах, паўтару, суверэннай Беларусі і новы ўзровень саюзных, вельмі добрых, брацкіх адносін Беларусі і Расіі, нашых народаў", - заявіў кіраўнік дзяржавы. Паводле яго слоў, сімвалам братэрскіх сувязей двух народаў сталі дзяржаўныя сцягі, разгорнутыя на вышыні больш як 400 км ад Зямлі.

У Беларусі з заміраннем сэрца сачылі за палётам, захапляліся смеласцю і мэтанакіраванасцю сваёй суайчынніцы, падкрэсліў Прэзідэнт. Але ў той жа час краіна можа ганарыцца ўсімі дзяўчатамі - удзельніцамі праекта, якіх было больш за дзве тысячы (а пасля палёту касманаўткі жадаючых накіравацца ў космас стала яшчэ больш). Усе яны дастойныя, нацэленыя выпрабаваць грані сваіх магчымасцей і апраўдаць чаканні мільёнаў беларусаў. Аляксандр Лукашэнка шчыра падзякаваў кожнай: "Вы разумніцы, прыгажуні, сапраўдныя патрыёткі Беларусі".
"Табе, Марына, можна сказаць, пашанцавала больш за іншых. Але ты сама малайчына. Ты заслужыла гэты палёт, абсалютна аб'ектыўна. Было нялёгка. За спінай самае цяжкае - трэніроўкі, перажыванні, стрэсы", - сказаў Прэзідэнт. Ён заўважыў, што на асабістым вопыце ведае аб перажываннях, хваляваннях, асабліва перад стартам касмічнага карабля. Бо запуск не заўсёды бывае паспяховым, і ў гісторыі Беларусі было такое - з запускам першага айчыннага спадарожніка. Хапіла хваляванняў і экіпажу з удзелам Марыны Васілеўскай, калі першы старт не адбыўся і быў перанесены на іншую дату. "Я ведаю, што такое "Ключ на старт, пуск" - ракета спыняецца, "прыкурыла", як касманаўты кажуць, і спынілася. Гэта самы хвалюючы момант. І твая вытрымка мяне проста ўразіла. Малайчына!" - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Цяпер самы цяжкі для першага касманаўта час ужо мінуў, але ў цэлым яе місія толькі пачалася. "Я ведаю, што такое быць першым. Сёння ты ўвайшла ў кожную беларускую сям'ю, ва ўсе тыя сем'і, якія назіралі за табой, перажывалі разам з табой, тваімі бацькамі. Момант раптоўнай славы - гэта новы груз адказнасці, вельмі цяжкі, які табе давядзецца несці ўжо ўсё жыццё. Я ўпэўнены - ты справішся. Мы табе не дадзім зачарсцвець, застыць, закасцянець. Табе давядзецца вельмі шмат працаваць", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт таксама шчыра падзякаваў Настассі Лянковай: "Ты малайчына, усе выпрабаванні, як і першы касманаўт, прайшла з гонарам. Я гэта дакладна ведаю. Зразумела, ведаю, што ты перажывала (я таксама перажываў бы), калі ты за адзін крок ад сваёй мары і атрымліваецца крыху па-іншаму. Але ты трымалася годна. А напрацаваны вопыт, абяцаю, не знікне. Мы прыкладзём усе намаганні, каб твой вопыт і твая мара здзейснілася".
Словы ўдзячнасці Аляксандр Лукашэнка адрасаваў таксама ўсім, хто забяспечваў навуковае суправаджэнне праекта, арганізоўваў яго, рыхтаваў дзяўчат да палёту: вучоным, медыкам, трэнерам і выкладчыкам - кожнаму, хто дапамог ім стаць яшчэ больш упэўненым у сабе. Асобна кіраўнік дзяржавы падзякаваў бацькам касманаўтак за тое, што яны выхавалі дастойных дачок.
"Шчыра кажучы, я вельмі хацеў, каб дзяўчаты паляцелі і сталі першымі касманаўтамі ў "жаночага" Прэзідэнта Беларусі (так часта называюць Аляксандра Лукашэнку за значную падтрымку з боку жанчын. - Заўвага БЕЛТА). Я падумаў: напэўна, перад жанчынамі я ўжо разлічыўся, яны ўжо не павінны мне прад'яўляць нейкія прэтэнзіі", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт павіншаваў усіх з надыходзячым міжнародным Днём касманаўтыкі: "Цяпер гэта свята стане часткай усёй вашай і нашай асабістай гісторыі!"-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі