Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
07 жніўня 2020, 10:55

Лукашэнка падзяліўся ўспамінамі аб Ельцыне і расказаў аб перагаворах з Пуціным

7 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв'ю ўкраінскаму журналісту Дзмітрыю Гардону падзяліўся ўспамінамі аб першым Прэзідэнце Расіі Барысе Ельцыне і расказаў некаторыя падрабязнасці аб перагаворах з цяперашнім Прэзідэнтам - Уладзімірам Пуціным, паведамляе БЕЛТА.

Свае адносіны з Барысам Ельцыным кіраўнік дзяржавы ахарактарызаваў як вельмі добрыя. "Калі б яго асобныя кадры не зрушвалі з таго шляху, па якім мы ішлі, мы маглі б зрабіць больш", - лічыць Прэзідэнт.

"Мы з ім заўсёды былі на ты па яго патрабаванні", - адзначыў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы ўспомніў адзін з выпадкаў, калі ў час перагавораў у Крамлі ён заявіў аб тым, што некаторыя з раней дасягнутых дамоўленасцей у частцы паставак і цэнаўтварэння не выконваюцца. Барыс Ельцын на гэта адразу адрэагаваў: "Беларусь крыўдзіце... Нядобра, таварыш Чубайс!" (Анатоль Чубайс у 90-я гады працаваў на розных высокіх пасадах у расійскім урадзе. - Заўвага БЕЛТА).

"Да цяперашняга часу я памятаю гэту фразу. Праз гадзіну было ўсё вернута да таго, як мы з ім дамовіліся. Усе пытанні былі вырашаны. І ў яго да ўсіх рэспублік было такое стаўленне. Ён лічыў, што ён старэйшы, павінен падтрымаць, дапамагчы", - падзяліўся Аляксандр Лукашэнка.

Інтэрв'юер пацікавіўся, ці такі падыход у цяперашняга Прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна. "Ведаеце, сістэма іншая, асабліва цяпер", - заўважыў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Прэзідэнт расказаў, што Уладзіміру Пуціну ўласціва добрая рыса, аб чым ён асабіста гаварыў расійскаму лідару. "Я яму часта кажу: ведаеш, калі нешта ад цябе ўзяць, я ведаю, што трэба зрабіць - дабіцца ад цябе абяцання. Калі паабяцаеш - ты ніколі не адступіш ад абяцанага", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Цяпер, вось гэтыя паўгода, я бачу: адно сказана - хтосьці перарабіў, іншае сказана - адступілі. І вось гэта цялёпканне: Пуцін абяцае, урад вырашае па-іншаму. Не магу сказаць пра гэты ўрад (расійскі. - Заўвага БЕЛТА), мы яшчэ з ім не працавалі. А ранейшы - дакладна".

Дзмітрый Гардон таксама спытаў у Аляксандра Лукашэнкі, ці праўда, што адносіны беларускага лідара з Уладзімірам Пуціным застаюцца напружанымі. "Калі я скажу, што няпраўда, гэта будзе неўласціва майму стылю. Так, у нас ёсць пэўнае напружанне, таму што мы абодва моцныя асобы", - адказаў Прэзідэнт.

"Я яму кажу нядаўна (карты гэтыя і іншае, інтэграцыя): мы ж не вечныя, рана ці позна мы з табой пойдзем, і наша задача цяпер пакінуць пасля сябе тое, за што нам тыя, якія прыйдуць, нашы дзеці, скажуць дзякуй. Такі быў пасаж і разважанні. І я яму кажу: не трэба націскаць ні на мяне, ні на Беларусь, - расказаў Аляксандр Лукашэнка. - Ён мяне перапыніў і гаворыць: слухай, Саша, няўжо ты думаеш, што я дазволю сабе на цябе націскаць. І фраза: я ж ведаю, калі на цябе націснуць, усё будзе наадварот, бесперспектыўна і бескарысна. І ён гэта сказаў шчыра".

"У яго не было спроб на мяне націснуць. Ён разумеў, і гэта праўда, - націскаць на мяне бескарысна. Я заўсёды пайду на кампраміс, калі гэта датычыцца мяне асабіста, яшчэ нечага. Але калі гэта датычыцца краіны, калі я бачу, што гэта несправядліва, для мяне гэта непрымальна. Справядлівасць - аснова таго, што я спрабую рабіць або праводзіць любую палітыку. У аснове справядлівасць. Усё ў законах не прапішаш. Справядлівасць - гэта галоўнае. Калі я бачу, што спрабуюць нахіліць маіх людзей, мой народ, Беларусь - гэта ўсё", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі