Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
16 верасня 2020, 16:21

Лукашэнка: падрыхтоўка да Усебеларускага сходу - важнейшая палітычная задача

16 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка паставіў задачы па падрыхтоўцы да Усебеларускага народнага сходу. Адпаведныя заявы прагучалі сёння на сустрэчы кіраўніка дзяржавы з палітычным актывам краіны, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Ад сістэмнага руху наперад мы не адступім. Не за гарамі новая пяцігодка, якая павінна стаць для Беларусі прарыўной. У бліжэйшыя гады краіна павінна ўвайсці ў шосты тэхналагічны ўклад, што азначае далейшае эканамічнае развіццё дзяржавы: уласная энергетыка, экалагічная і канкурэнтаздольная вытворчасць, найвышэйшая, на ўзроўні сусветных стандартаў якасць беларускай прадукцыі", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў снежні або студзені намечана правесці Усебеларускі народны сход. "Гэта вельмі важны орган, асаблівая форма народаўладдзя ў краіне, якая тады, у сярэдзіне 90-х, выратавала краіну", - сказаў ён.

Прэзідэнт падкрэсліў, што ў свой час сабраў першае такое мерапрыемства, форум народа, каб абаперціся на людзей, звярнуўся да іх з заклікам дапамагчы выратаваць краіну. "Падтрымаеце мяне - я зраблю ўсё, каб была краіна. Я выканаў гэта абяцанне. Гэта вялікі быў сход", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Гаворачы аб маючым адбыцца Усебеларускім народным сходзе, Аляксандр Лукашэнка сказаў, што на ім трэба будзе абмеркаваць грамадска-палітычныя і эканамічныя пытанні, планы, вызначыць асноўныя этапы развіцця Беларусі на бліжэйшыя пяць гадоў. "І там мы павінны намаляваць план у тым ліку і канстытуцыйных змяненняў. І да гэтага прапрацуем і па партыях, і па іншых пытаннях, каб ужо бачыць, на якім свеце мы знаходзімся. Таму падрыхтоўка да Усебеларускага сходу - важнейшая палітычная задача бліжэйшых дзён", - заявіў Прэзідэнт.

Ён даручыў кіраўнікам Адміністрацыі Прэзідэнта і ўрада, кіраўнікам аблвыканкамаў, Мінгарвыканкама ўважліва падысці да пытання выбрання дэлегатаў.

"Гэта будзе агульнанацыянальны дыялог. Таму прымаць удзел у форуме павінны прадстаўнікі ўсіх слаёў грамадства, усіх сацыяльных і прафесійных груп, патрыятычных аб'яднанняў і партый, дэпутаты ўсіх узроўняў. Дэлегаты павінны быць ад кожнага вялікага прамысловага прадпрыемства. Не толькі кіраўнікі, але і рабочыя ад станка, якія прадстаўляюць працоўныя калектывы", - сказаў Прэзідэнт.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі