Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
30 снежня 2022, 15:07

Лукашэнка падпісаў законы аб дзейнасці парламента. Што зменіцца ў рабоце дэпутатаў і сенатараў?

30 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў шэраг законаў, якімі карэкціруюцца з улікам норм абноўленай Канстытуцыі акты, што датычацца дзейнасці парламента. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.

У прыватнасці, прыняты змяненні ў закон "Аб Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь". Замест дзвюх парламенцкіх сесій устанаўліваецца адна - з верасня па чэрвень. Пры гэтым пазачарговыя сесіі будуць склікацца не кіраўніком дзяржавы, а старшынямі палат. Замацаваны правы Парламента заслухоўваць генеральнага пракурора, старшынь Камітэта дзяржаўнага кантролю і Нацыянальнага банка, прымаць меры па развіцці мясцовага самакіравання.

Таксама прадугледжана, што членам Савета Рэспублікі пажыццёва з яго згоды з'яўляецца Прэзідэнт Беларусі, які спыніў выкананне сваіх паўнамоцтваў. Да ліку функцый старшыні Савета Рэспублікі дадаткова аднесены ажыццяўленне паўнамоцтваў Прэзідэнта ў выпадку вакансіі пасады кіраўніка дзяржавы.

Акрамя таго, выключаны шэраг паўнамоцтваў Парламента, якія былі перададзены Усебеларускаму народнаму сходу, у тым ліку на выбранне суддзяў Канстытуцыйнага Суда і членаў Цэнтральнай выбарчай камісіі, зацвярджэнне асноўных напрамкаў унутранай і знешняй палітыкі, ваеннай дактрыны.

Аляксандр Лукашэнка таксама падпісаў закон "Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь "Аб статусе дэпутата Палаты прадстаўнікоў, члена Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь". Дакументам у мэтах удасканалення дзейнасці парламентарыяў прадугледжаны ўдзел дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, членаў Савета Рэспублікі ў рабоце Усебеларускага народнага сходу ў якасці дэлегатаў, магчымасць удзелу парламентарыяў у рабоце калегій рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, падпарадкаваных ураду (з правам дарадчага голасу). У адпаведнасці з абноўленым законам будуць спынены паўнамоцтвы дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і членаў Савета Рэспублікі ў выпадку наяўнасці ў іх замежнага грамадзянства, а таксама дакументаў замежных дзяржаў, што даюць права на льготы і іншыя перавагі (раней такія дакументы дастаткова было здаць у кадравую службу).

Нормы закона "Аб статусе дэпутата Палаты прадстаўнікоў, члена Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь" прыводзяцца ў адпаведнасць з заканадаўствам аб дзяржаўнай службе, выбарах і барацьбе з карупцыяй, указам ад 16 сакавіка 2021 года нумар 107 "Аб біяметрычных дакументах", а таксама з правапрымяняльнай практыкай.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі