Сцяг Аўторак, 23 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
08 чэрвеня 2021, 10:51

Лукашэнка падпісаў закон аб папраўках у кодэксы па пытаннях крымінальнай адказнасці

8 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон "Аб змяненні кодэксаў па пытаннях крымінальнай адказнасці". Дакумент, які раней быў прыняты Палатай прадстаўнікоў і адобраны Саветам Рэспублікі, апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, паведамляе БЕЛТА.

Закон аб змяненні кодэксаў па пытаннях крымінальнай адказнасці накіраваны на сістэмную мадэрнізацыю адносін у адпаведнай сферы.

Гэтым дакументам удасканалены палажэнні Агульнай часткі Крымінальнага кодэкса. У прыватнасці, канкрэтызаваны ўмовы, пры якіх не надыходзіць перавышэнне меж неабходнай абароны (калі асоба ў выніку нечаканасці замаху не магла аб'ектыўна ацаніць яго небяспеку і характар). Прадугледжаны больш дыферэнцыраваны падыход да назначэння штрафу (у залежнасці ад канкрэтных акалічнасцей учыненага злачынства і асобы злачынца), а таксама магчымасць яго растэрміноўкі.

Укаранёны інстытут замены пакарання, не звязанага з ізаляцыяй ад грамадства, больш строгім у выпадку, калі асуджаны ўхіляецца ад яго адбывання. Адпаведнае рашэнне будзе прымаць суд.

У Асаблівай частцы КК перагледжаны памеры санкцый амаль 70 саставаў злачынстваў. У выніку забяспечаны адпаведнасць пакаранняў характару і ступені грамадскай небяспекі ўчыненых дзеянняў, збалансаванасць крымінальна-прававых норм.

Таксама ў санкцыі шэрага артыкулаў (прымушэнне да ўчынення здзелкі, махлярства і іншыя злачынствы супраць уласнасці і парадку ажыццяўлення эканамічнай дзейнасці) уведзена абмежаванне волі ў якасці альтэрнатывы пазбаўленню волі. Гэта дасць магчымасць судам больш гібка падыходзіць да назначэння пакарання.

Выключаны асобныя артыкулы і саставы злачынстваў, якія маюць фармальны характар (напрыклад, парушэнне правіл бяспекі абыходжання з генна-інжынернымі арганізмамі, якое не прывяло да прычынення шкоды здароўю людзей і навакольнаму асяроддзю). Выключаны таксама тыя артыкулы і саставы, якія ахопліваюцца прымяненнем іншых мер уздзеяння (так, шкода, прычыненая навакольнаму асяроддзю ў выніку парушэнняў правіл водакарыстання, правіл аховы рыбы і іншых водных жывёл, кампенсуецца згодна з устаноўленымі таксамі, з прычыны чаго крымінальна-прававыя меры ўздзеяння з'яўляюцца залішнімі). Акрамя таго, тыя артыкулы і саставы злачынстваў, якія з'яўляюцца няцяжкімі па сваёй сутнасці і прадугледжваюць адміністрацыйную прэюдыцыю ў якасці ўмовы прыцягнення да адказнасці, таксама выключаны з кодэксаў аб крымінальнай адказнасці.

Нараўне са змякчэннем адказнасці за пэўнае кола дзеянняў законам забяспечана дадатковая ахова канстытуцыйнага ладу краіны. У гэтых мэтах у Крымінальны кодэкс уключаны шэраг новых артыкулаў і новых саставаў злачынстваў. Так, прадугледжана адказнасць за экстрэмізм (удзел у экстрэмісцкім фарміраванні і садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці, праходжанне навучання такой дзейнасці), за неаднаразовае парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў (пры гэтым адказнасць будзе надыходзіць пры наяўнасці двухразовай адміністрацыйнай прэюдыцыі). Уводзіцца адказнасць за распаўсюджванне ўладальнікам інтэрнэт-рэсурсу забароненай інфармацыі, учыненае на працягу года пасля прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці, а таксама за незаконны збор і распаўсюджванне персанальных даных, невыкананне патрабаванняў па іх абароне. З'явілася адказнасць за незаконныя збор альбо атрыманне звестак, якія складаюць дзяржаўныя сакрэты, з мэтай іх распаўсюджвання (пры адсутнасці прыкмет здрады дзяржаве або шпіянажу).

Адначасова ўзмоцнена адказнасць за забойства супрацоўніка міліцыі (аналагічная адказнасць уведзена за забойства ваеннаслужачага), супраціўленне асобам, якія ахоўваюць грамадскі парадак, насілле альбо пагрозу яго прымянення ў адносінах да такіх асоб, а таксама суддзяў і народных засядацеляў, публічную абразу прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў альбо яго блізкіх, арганізацыю дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо ўдзел у іх, публічныя заклікі да правядзення незаконных масавых мерапрыемстваў, наўмыснае блакіраванне транспартных камунікацый, якое прывяло да прычынення ўрону ў значным памеры (40 і больш базавых велічынь).

Удасканалены меры адказнасці за іншыя злачынныя дзеянні. Так, у прыватнасці, з улікам сучасных тэндэнцый у сферы інфарматызацыі і аналізу правапрымяняльнай практыкі выкладзена ў новай рэдакцыі глава 31 КК "Злачынствы супраць камп'ютарнай бяспекі". Істотна ўзмацняецца адказнасць за ўхіленне ад выплаты падаткаў. Максімальны тэрмін пазбаўлення волі за такое дзеянне, якое прывяло да прычынення ўрону ў буйным памеры, павялічваецца з 3 да 7 гадоў, а ў асабліва буйным памеры - з 7 да 12 гадоў.

Акрамя таго, уводзіцца адказнасць за ўхіленне ад выканання абавязкаў падатковага агента, падатковае махлярства і ўхіленне ад выплаты страхавых узносаў у фонд сацыяльнай абароны насельніцтва.

Крыміналізуюцца вытворчасць, увоз або збыт фальсіфікаваных медыцынскіх прэпаратаў, а таксама падробка дакументаў якасці, маркіроўкі такіх прэпаратаў, што дасць магчымасць не дапусціць паступленне на рынак няякасных лякарстваў.

У Крымінальна-працэсуальным кодэксе законам прадугледжана выкарыстанне механізмаў медыяцыі ў рамках крымінальных спраў, пашырана выкарыстанне інфармацыйных тэхналогій у крымінальным працэсе. Напрыклад, прадугледжваецца магчымасць вядзення асобных следчых дзеянняў (допыту, вочнай стаўкі і прад'яўлення для апазнавання) у рэжыме вэб-канферэнцыі. Узмоцнена роля пракуратуры. Генеральны пракурор, яго намеснікі, а таксама пракуроры абласцей і Мінска надзяляюцца паўнамоцтвамі выносіць абавязковыя для выканання органамі крымінальнага праследавання прадпісання і перадаваць заявы (паведамленні) аб злачынствах ад аднаго органа іншаму.

У Крымінальна-выканаўчы кодэкс унесены карэкціроўкі, якія звязаны з прапануемымі змяненнямі ў КК і КПК, а таксама ўдакладняюць парадак атрымання асуджанымі, якія ўтрымліваюцца ў папраўчых установах, пасылак і грашовых пераводаў і ажыццяўлення імі тэлефонных перагавораў (у прыватнасці, асуджаным прадастаўлена магчымасць відэазванкоў).

Асноўныя палажэнні закона ўступаюць у сілу праз тры месяцы пасля яго афіцыйнага апублікавання.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі