Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
21 ліпеня 2022, 19:31

Лукашэнка падпісаў папраўкі ў КПК: тых, хто выехаў, змогуць судзіць завочна, а асуджаныя атрымалі права на касацыю

21 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон "Аб змяненні Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь". Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе Прэзідэнта.

Законам уводзіцца інстытут спецыяльнага (завочнага) вядзення па крымінальных справах у адносінах да абвінавачаных, якія знаходзяцца за межамі Беларусі і ўхіляюцца ад яўкі ў орган, што вядзе крымінальны працэс. Адначасова ўстанаўліваецца пералік складу злачынстваў, па якіх у адносінах да абвінавачанага можа быць пачата спецыяльнае вядзенне па справе. Да іх адносяцца, у прыватнасці, акт тэрарызму, генацыд, наёмніцтва, здрада дзяржаве, дыверсія, стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім, масавыя беспарадкі, заклікі да санкцый.

Таксама законам з улікам правапрымяняльнай практыкі ўдасканальваецца парадак абскарджання судовых рашэнняў у крымінальным працэсе. Для гэтага разам з апеляцыйнай уводзіцца касацыйная стадыя судаводства з разглядам скаргаў і пратэстаў у прэзідыумах абласных і Мінскага гарадскога судоў. Гэта забяспечыць больш шырокі доступ да інструментаў абскарджання для грамадзян, якія не згодны з прынятымі судовымі пастановамі, і павысіць эфектыўнасць перагляду такіх пастаноў, што ўступілі ў законную сілу. Акрамя таго, устанаўліваецца магчымасць абскарджання ў апеляцыйным парадку прыгавораў, якія выносяцца Вярхоўным Судом, дзеючым у якасці суда першай інстанцыі.

Прадугледжаныя законам змяненні накіраваны на забеспячэнне непазбежнасці крымінальнай адказнасці за ўчыненыя злачынныя дзеянні, умацаванне гарантый рэалізацыі канстытуцыйнага права на судовую абарону, забеспячэнне законнасці і стабільнасці судовых рашэнняў па крымінальных справах.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі