
14 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, прымаючы з дакладам старшыню Мінгарвыканкама Уладзіміра Кухарава, паабяцаў узяць на кантроль ход добраўпарадкавання ў Мінску і растлумачыў, чаму гэта важна для кожнага жыхара, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы ў час размовы зрабіў асаблівы акцэнт на прывядзенні ў парадак Мінска ў Год добраўпарадкавання. "Як будзе ў Мінску, так будзе па ўсёй краіне. Уладзімір Яўгенавіч, гэта не значыць, што мы недзе падмесці вуліцы павінны або дрэўцы высадзіць. Трэба перш за ўсё, каб за кожны квадратны метр у Мінску адказвалі канкрэтныя людзі, прадпрыемствы і арганізацыі", - паставіў задачу Прэзідэнт.
Напрыклад, працэс добраўпарадкавання парку Перамогі ў Мінску ўлады горада даручылі курыраваць адукацыйнай установе, і яе кіраўнік нясе за гэта адказнасць. "Тое ж самае - прадпрыемствы. Я шмат разоў пра гэта гаварыў. Вакол прадпрыемства як вы абазначыце ім на карце зону адказнасці, яны павінны за гэта адказваць, каб было чыста, акуратна", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы растлумачыў, што за патрабаваннем трымаць у чысціні і парадку горад стаіць не столькі жаданне зрабіць яго прыгожым, колькі клопат пра здароўе людзей. "Ведаеце, людзі пачулі: "Вось, чысціню патрабуюць і гэтак далей, лісце збіраць і іншае". А калі не збіраць? Гэта ж усё гніе, і гэта гніль з усёй заразай, якая там збіраецца, удыхаецца людзьмі. Гэта здароўе людзей. Таму трэба ў чысціні, парадку трымаць не толькі сваё жыллё, але ўсё, што вакол, у месцах грамадскага карыстання. Таму кожны кавалачак зямлі павінен быць за некім замацаваны", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Гэта патрабаванне датычыцца таксама і жылой забудовы. "Унутры тэрыторыі павінны быць акультураны, дагледжаны, у тым ліку і двары, дзе жывуць жыхары. Кіраўнікам адміністрацый на месцах задачу стаўце. Яны няхай жорстка патрабуюць. Жорстка патрабуюць, таму што захварэе чалавек - бясплатна лечым, расходуем каласальныя грошы. Дык давайце адсюль пачынаць", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Што датычыцца знешняга выгляду будынкаў, тут Прэзідэнт паставіў задачу прыцягваць тыя арганізацыі, якія займаюць першыя паверхі будынкаў, да падтрымання фасадаў у нармальным выглядзе. "У нас амаль у кожным доме на першых паверхах камерцыйныя структуры, дзяржаўныя прадпрыемствы. Мы дамаўляліся некалі: фасад - за імі. Мы ўжо не нагружаем, каб яны ўнутры жыхарам дапамагалі рамантаваць і балконы ў парадак прыводзіць. Фасады няхай прыводзяць у парадак. За свой кошт. Каму трэба дапамагчы, вы разберацеся", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
"Гэта значыць, усе гэтыя пытанні трэба прадугледзець, каб Мінск быў яшчэ прыгажэйшы, тады лягчэй будзе (дабіцца парадку і добраўпарадкавання. - Заўвага БЕЛТА) на месцах. Едзьце, паглядзіце ў Мінску", - звярнуў увагу Прэзідэнт.
У якасці прыкладу ён прывёў добраўпарадкаванне тэрыторыі вакол воднай артэрыі Мінска - ракі Свіслач. У час суботніка кіраўнік дзяржавы асабіста прымаў удзел у тым, каб добраўпарадкаваць тэрыторыю парку Народнага адзінства, высадзіўшы тут алею з 80 дрэў. "Некалі гэта будзе прыгожае месца. Вакол усё павінна там быць прыгожа. Гэта водная артэрыя. Каля яе павінен быць парадак, каб людзі маглі адпачываць", - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.
"Па добраўпарадкаванні павінны быць прыняты адпаведныя рашэнні, меры, і яны павінны ажыццяўляцца. Хачу, карыстаючыся выпадкам, усіх папярэдзіць, што ў гэтым плане мы возьмем на вельмі сур'ёзны кантроль добраўпарадкаванне ў краіне, - звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. - Няхай ніхто не думае, што аб'явілі Год добраўпарадкавання, год пройдзе і там усё забудзецца. Не забудзецца. Усё павінна быць у парадку - і дарогі, і дамы, і вакол тэрыторый (павінен быць парадак. - Заўвага БЕЛТА), прадпрыемствы... Усё, што не патрэбна, трэба знесці. Дзе трэба пабудаваць нешта, значыць, трэба пабудаваць". Пры неабходнасці Прэзідэнт адзначыў гатоўнасць аказаць фінансавую падтрымку Мінску: "Калі не хопіць нейкай там капейкі (невялікай пажадана), пазычым, у будучым годзе аддасі".-0-