Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
08 лютага 2024, 16:06

Лукашэнка па выніках перагавораў у Ташкенце: усе зразумелі, у якім напрамку рухацца і як хутка 

8 лютага, Ташкент /Кар. БЕЛТА/. У выніку праведзеных у Ташкенце перагавораў на вышэйшым узроўні ўсе зразумелі, у якім напрамку рухацца і як хутка. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў па выніках перагавораў з Прэзідэнтам Узбекістана Шаўкатам Мірзіёевым, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што перагаворы ў вузкім складзе можна назваць сустрэчай не проста сяброў, а вельмі блізкіх сяброў і братоў. "Мы разумеем адзін аднаго. Мы разумеем, што мы ўпусцілі (у ранейшыя гады. - Заўвага БЕЛТА). Нам трэба даганяць. Вы ведаеце мае адносіны да вас, да ўзбекскага народа, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Я яму (Прэзідэнту Узбекістана Шаўкату Мірзіёеву. - Заўвага БЕЛТА) сказаў: усё, што ўбачыш у Беларусі, і табе трэба будзе, - мы гатовы прыйсці на дапамогу з высокімі тэхналогіямі і зрабіць тое, што папросіш. Мы гатовы да гэтага".

Прэзідэнт запрасіў свайго калегу наведаць Беларусь з візітам ужо ў гэтым годзе і выказаў упэўненасць у тым, што пасля праведзеных у Ташкенце падрабязных і прынцыповых перагавораў бакі змогуць значна зрушыць наперад двухбаковае супрацоўніцтва на працягу года.

"Думаю, мы за год значна больш зробім. Сёння ўсе зразумелі, у якім напрамку рухацца і як хутка трэба рухацца і вырашаць пытанні. Будзем падтрымліваць узбекскі народ і Узбекістан наколькі мы можам. Толькі каб вы дасягнулі мэт, якія вы перад сабой паставілі", - сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Беларусь у супрацоўніцтве з іншымі краінамі прапануе шырокі парадак дня і асабліва пытанні, звязаныя з абменам тэхналогіямі. У той жа час апаненты і нядобразычліўцы часам ставяць пад сумненне тое, што Беларусь, з’яўляючыся  невялікай сранай, прапануе нейкія тэхналогіі. Кіраўнік дзяржавы ў сувязі з гэтым нагадаў, што ў Беларусі высокатэхналагічныя галіны былі развіты яшчэ з часоў Савецкага Саюза - так склаліся падзел працы і вытворчая спецыялізацыя ў той агульнай дзяржаве.

"Мы не растрацілі гэта за перыяд 1990-х гадоў і цяпер. Прэзідэнт (Узбекістана. - Заўвага БЕЛТА) гэта добра ведае, ён вельмі добра ведае Беларусь", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка прывёў у прыклад магутную баваўняную вытворчасць у Беларусі, сыравінай для якой была якраз бавоўна з Узбекістана: "Адсюль атрымлівалі, перапрацоўвалі і пастаўлялі на экспарт, г.зн. мы пералапачвалі вялікую колькасць экспартнай прадукцыі. А для гэтага патрэбны былі высокія тэхналогіі. Таму што за мяжой не купяць, калі дрэнна. Нам пашанцавала ў гэтым плане".

Кіраўнік дзяржавы таксама нагадаў, што Беларусь моцна пацярпела ў гады Вялікай Айчыннай вайны, і іншыя рэспублікі Саюза дапамагалі аднавіцца ў пасляваенныя гады, агульнымі намаганнямі была створана асноўная высокатэхналагічная індустрыяльная база. Усё гэта захавана і ў асноўным знаходзіцца ў руках дзяржавы. Пэўныя высокія вынікі дасягнуты і ў сельскай гаспадарцы.

"Я гэта гавару да таго, што сёння Беларусь мае ўсё тое, што сёння і заўтра трэба тэхналагічна Узбекістану. Гэта таму, што мы стаім на плячах гігантаў, якія стварылі тое, што мы сёння маем у Беларусі. І мы брацкія рэспублікі. Правільна сказаў Прэзідэнт - беларусы і ўзбекі вельмі падобныя народы - талерантныя, гібкія, яны не глядзяць у агарод чужым людзям, ні ў каго нічога не адбіраюць, не збіраюцца ваяваць. Мы працавітыя народы і гатовы сваё шчасце самі шукаць і знаходзіць".-0- 

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі