Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
26 студзеня 2021, 15:34

Лукашэнка - новаму дзяржсакратару Савета бяспекі: часы няпростыя, хістаць і разгойдваць нас будуць

26 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і ў далейшым будуць хістаць і разгойдваць. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння, назначаючы Аляксандра Вальфовіча на пасаду дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Ведайце, што часы няпростыя. Хістаць і разгойдваць нас будуць. Вы гэта бачыце па Расіі ўжо. Мы гэта ведалі і разумелі разам з кіраўніцтвам Расіі яшчэ ў сярэдзіне мінулага года. Для нас і для іх нечаканасцей тут ніякіх няма. Але тым не менш мы павінны навучыцца ў гэты цяжкі час процістаяць і ўнутраным нашым праціўнікам, і асабліва знешнім", - падкрэсліў беларускі лідар.

Гаворачы пра выбар кандыдатуры Аляксандра Вальфовіча, які да гэтага часу ўзначальваў Генштаб Узброеных Сіл, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што абмяркоўваў гэта пытанне з зацікаўленымі асобамі, у тым ліку міністрам абароны. "Ён, вядома (як я зразумеў), як выканаўчы генерал, нічога не адмаўляў, на мае заўвагі і прапановы рэагаваў правільна, але з вялікай, я так адчуў у душы, нездаволенасцю згаджаўся на тое, што вы пяройдзеце працаваць у Савет бяспекі. Таму што, як ён сказаў, больш падрыхтаванага чалавека на сённяшні дзень у Генштабе няма. Вядома, напэўна, няма. Але мне здаецца, што знойдзем мы там людзей, якіх можна абучыць, якія могуць асвоіць гэтыя пасады. Мы проста абавязаны гэта зрабіць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што дзяржсакратар - гэта фактычна галоўны памочнік Прэзідэнта па рабоце з сілавымі структурамі. "Вы сістэмны чалавек, інакш не змаглі б працаваць начальнікам Генеральнага штаба, адукаваны і дасведчаны чалавек", - ахарактарызаваў Прэзідэнт Аляксандра Вальфовіча.

Больш таго, ён адзначыў, што менавіта Аляксандр Вальфовіч быў у эпіцэнтры ўсіх падзей і мерапрыемстваў апошняга часу. "Мы планавалі, перш за ўсё сіламі Генштаба, мерапрыемствы на знешняй граніцы па абароне нашай Айчыны, асабліва напярэдадні і пасля выбараў. Усе гэта памятаюць. І даволі паспяхова разгарнулі тады нашы падраздзяленні, вайсковыя часці. І адрэагавалі, спыняючы магчымыя нядобразычлівыя нападкі на нашу краіну і спробы стварыць нам залішнія праблемы. Гэта значыць, вось апошнім часам я вельмі блізка ўбачыў вас на справе", - заявіў Прэзідэнт.

Як расказаў журналістам Аляксандр Вальфовіч, нарматыўна-прававая база ў краіне дазваляе рэагаваць як на знешнія, так і на ўнутраныя пагрозы. "І не толькі Узброеным Сілам, але і астатнім структурным элементам сістэмы нацыянальнай бяспекі, ваеннай арганізацыі дзяржавы", - запэўніў ён.

Пры гэтым Аляксандр Вальфовіч адзначыў, што Прэзідэнт паставіў шэраг задач: "Давядзецца з улікам апошніх падзей узважыць, прааналізаваць, падкарэкціраваць, можа, унесці нейкія змяненні ў нарматыўна-прававыя дакументы".

"Хачу сказаць па вопыце сваёй работы, што ўсе структурныя элементы сістэмы нацыянальнай бяспекі, ваеннай арганізацыі дзяржавы, увесь сілавы блок са сваімі задачамі справіўся паспяхова, - падкрэсліў Аляксандр Вальфовіч. - Вядома, ёсць што падкарэкціраваць, ёсць над чым задумацца. І перш за ўсё, напэўна, гэта пытанні, звязаныя з сістэмай кіравання ўсім сілавым блокам, накіраваным на тое, каб мы маглі лакалізаваць, мінімізаваць усе пагрозы - і знешнія, і перш за ўсё ўнутраныя. З унутранымі пагрозамі мы, вядома, сутыкнуліся апошнім часам, і трэба было прымаць некаторыя новыя рашэнні".

Дзяржсакратар Савета бяспекі падкрэсліў: "З улікам гэтых задач я і буду праводзіць сваю работу. Яна будзе накіравана перш за ўсё на каардынацыю дзейнасці структурных элементаў міністэрстваў сілавога блока, каб мы змаглі спакойна працаваць у мірнай, працвітаючай Беларусі, якую прывык бачыць наш народ, і ствараць умовы для бяспекі нашай краіны і народа".

"Нават з улікам тых падзей, якія пачынаюць адбывацца ў Расійскай Федэрацыі, будзем працаваць на апярэджанне, каб усё было спакойна, як заўсёды было ў нашай краіне", - адзначыў ён.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі