Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
22 лістапада 2021, 19:57

Лукашэнка: ніякага дыялогу і перагавораў са здраднікамі не будзе

22 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Ніякага дыялогу і перагавораў са здраднікамі не будзе. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 19 лістапада ў інтэрв'ю брытанскай медыякампаніі Бі-бі-сі, паведамляе БЕЛТА.

Прадстаўнік медыякампаніі згадаў пра Прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна, які параіў беларускаму боку пачаць перагаворы з апазіцыяй (размова аб выступленні на калегіі МЗС 18 лістапада).

"Уладзімір Пуцін мне нічога не раіў. Я з ім размаўляў цяпер больш за гадзіну (19 лістапада адбыліся тэлефонныя перагаворы кіраўнікоў Беларусі і Расіі. - Заўвага БЕЛТА). І ніякіх парад з яго боку ні па адным з пытанняў я не пачуў", - падкрэсліў беларускі лідар.

"Што датычыцца апазіцыі. З апазіцыяй мы не проста вядзём перагаворы, яны сёння фарміруюць сваю партыю, - прадоўжыў Прэзідэнт. - У іх адрозныя ад майго пункты гледжання. Яны бачаць Беларусь у нейкім плане па-іншаму. Але яны не здраднікі. І яны на вашы грошы ў краіне не жывуць". У якасці прыкладу кіраўнік дзяржавы прывёў установу "Круглы стол дэмакратычных сіл" і яго кіраўніка Юрыя Васкрасенскага: "Яны - патрыёты. З гэтай апазіцыяй, які б ні быў пункт гледжання, мы вядзём дыялог і будзем весці перагаворы".

"Але ёсць збеглая (апазіцыя. - Заўвага БЕЛТА), ёсць здраднікі, якія сядзяць у Літве, у Польшчы і ў вас, - звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. - Вы іх забяспечваеце. Нядаўна ў Літве назвалі лічбу. Амаль 400 тыс. еўра абыходзіцца забеспячэнне адной са збеглых, якая ў Літве сядзіць. Вось з гэтымі (гэта не апазіцыя, гэта здраднікі) мы ніякага дыялогу і ніякіх перагавораў весці не будзем".

"Гэта здраднікі беларускай дзяржавы. Яны збеглі за мяжу і там сядзяць. Чаму яны збеглі? Я ведаю, што ты скажаш: "Яны баяцца рэпрэсій, што іх у турму пасадзяць. Так?" Дык я табе скажу: калі ты змагаешся за народ, калі ты гатовы змагацца за народ, рэвалюцыянер, - змагайся. Усе рэвалюцыянеры прайшлі цяжкі шлях", - дадаў Прэзідэнт.

Прадаўжаючы тэму, Аляксандр Лукашэнка правёў паралель з сітуацыяй у Расіі і магчымасцю дыялогу паміж Уладзімірам Пуціным і Аляксеем Навальным. "Як толькі Пуцін з Навальным сядуць за стол перагавораў, я адразу ж са Святланай пачну весці перагаворы", - з доляй гумару сказаў беларускі лідар.

"Для мяне Навальны - гэта прадажны чалавек. І Пуцін з ім ніколі не сядзе за стол перагавораў. Ён не апазіцыянер для Пуціна, ён здраднік інтарэсаў Расіі", - растлумачыў Прэзідэнт. Апазіцыйна настроенай адносна кіраўніцтва Расіі можна лічыць, напрыклад, камуністычную партыю, лічыць кіраўнік беларускай дзяржавы. "Вось з камуністамі ён (Уладзімір Пуцін. - Заўвага БЕЛТА) вядзе дыялог. Ён з імі размаўляе. Гэтак жа і я: з тымі, хто ў краіне і патрыёты, я гатовы размаўляць", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі