Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
11 чэрвеня 2019, 14:18

Лукашэнка незадаволены Белгідраметам: трэба або разганяць, або прыводзіць у сябе

11 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў Адміністрацыі Прэзідэнта разабрацца з работай Белгідрамета. Адпаведнае даручэнне кіраўнік дзяржавы агучыў сёння, узгадняючы назначэнне кіраўнікоў мясцовых органаў улады, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Закранаючы стан спраў у рэгіёнах, Аляксандр Лукашэнка закрануў сітуацыю ў сферы сельскай гаспадаркі. Ён выказаў надзею, што ўмовы надвор'я будуць садзейнічаць высокай ураджайнасці, у той жа час заўважыў, што Беларусі ў гэтым плане не заўсёды шанцуе. Узніклі ў кіраўніка дзяржавы і пытанні да работы Белгідрамета. На яго думку, гэта структура не ў поўнай меры спраўляецца са сваімі абавязкамі.

"З імі трэба нешта рабіць: іх трэба або разганяць, або прыводзіць у сябе. У лепшым выпадку ў нейкі дзень на 50-70 працэнтаў дакладнасць прагнозу надвор'я. Нам такі Гідраметцэнтр не патрэбны, - заявіў кіраўнік дзяржавы. - Я ўжо арыентуюся на ваенных, якія бачаць у рэальным часе надвор'е, падкажуць, дзе ідуць дажджы па рэспубліцы і што будзе ў бліжэйшыя 12 гадзін. Амаль на 100 працэнтаў даюць дакладны прагноз, праўда, кароткі. Мы павінны ведаць, што адбываецца, што будзе заўтра, паслязаўтра, каб арыентавацца".

У цэлым Прэзідэнт адзначыў, што ў сувязі з кліматычнымі ўмовамі яго насцярожвае сітуацыя з ураджайнасцю ў некаторых рэгіёнах, асабліва ў цэнтральнай частцы краіны, дзе было няшмат дажджоў. "Тут сітуацыя вельмі сур'ёзная. На ўсходзе, на захадзе і ў цэнтры праблемы будуць у залежнасці ад таго, якія глебы. На лёгкіх глебах ужо, я гляджу, відаць пажоўклыя пасевы, таму трэба не ўпусціць час і ўбраць своечасова такія пасевы. Цяпер ідзе нарыхтоўка сенажу - трэба ўсё гэта пакласці ў сянаж, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Трэба па-гаспадарску паглядзець у сувязі з кліматычнымі ўмовамі, што зрабіць у раслінаводстве. Ні ў якім разе нічога не страціць".

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што мінулы год атрымаўся для Беларусі неўраджайным, таму ў краіне былі выкарыстаны практычна ўсе зернефуражныя рэзервы. "Калі мы тое, што цяпер вырошчваем на збожжа, убяром у сянаж, трэба запаўняць нечым збожжавую групу. І тут асаблівая надзея на кукурузу. Яна пакуль на ўсіх участках (я гэта сам кантралюю і бачу), нават на пясчаных глебах, трымаецца добра, таму трэба зрабіць стаўку на нарыхтоўку зерня з кукурузы", - лічыць кіраўнік дзяржавы.

Пры гэтым, ён звярнуў увагу, неабходна дзейнічаць па правераных тэхналогіях, кансервуючы кукурузнае зерне ў рукавы. "Жывёла любіць гэты корм. І ён будзе таннейшы, чым сушыць. Працэнтаў на 25-30. Фактычна кукурузнае зерне ў гэтым выпадку можна параўнаць па эфектыўнасці і затратах на вытворчасць са звычайным збожжам. Таму, калі мы цяпер будзем касіць тое, што на зерне ў сянаж, трэба спадзявацца на кукурузу і ўдзяліць ёй асаблівую ўвагу. Там, дзе гэта немагчыма, зрабіць усё для таго, каб пустыя, свабодныя, неўзараныя плошчы перасеяць аднагадовымі або яшчэ нейкімі культурамі. Калі падвесці вынік - размова аб нарыхтоўцы кармоў, гэта найважнейшае пытанне, якому мы ўдзялялі другараднае значэнне", - сказаў Прэзідэнт.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі