Сцяг Панядзелак, 23 снежня 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
08 кастрычніка 2021, 15:45

Лукашэнка: неабгрунтаваны рост цэн, асабліва на сацыяльна значныя тавары, недапушчальны

8 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Неабгрунтаваны рост цэн, асабліва на сацыяльна значныя тавары, недапушчальны. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, прымаючы ўдзел у агульным сходзе прадстаўнікоў членаў Беларускага рэспубліканскага саюза спажывецкіх таварыстваў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Галоўнае - цэны. Унутрыведамасны кантроль за імі будзе падмацоўвацца маніторынгам Камітэта дзяржаўнага кантролю і прафсаюзамі. У бліжэйшы час мы гэты напрамак будзем узмацняць, - сказаў Прэзідэнт. - Таму што аб'ектыўна - шалёны рост цэн, у свеце падаражэлі прадукты харчавання вельмі моцна. Хутка ў два разы мы атрымаем рост цэн на прадукты харчавання ў свеце. Падаражэлі металы, прыродны газ... Усё падскочыла ў цане".

Кіраўнік дзяржавы растлумачыў гэту сітуацыю тым, што ў час пандэміі многія вядучыя дзяржавы свету спрабавалі абараніцца лакдаўнамі: "Закрыліся і проста не працавалі. А людзям трэба было неяк жыць. Праблему вырашылі проста: узялі і надрукавалі кучу грошай. І цяпер мы адчуваем інфляцыйны націск. Гэта зразумела. Вось яна (інфляцыя. - Заўвага БЕЛТА) і прыходзіць да нас адтуль".

Але многія, звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка, перш за ўсё ў гандлі, ды і вытворцы, пад шумок аб'ектыўнага працэсу росту цэн пачынаюць суб'ектыўна падстройвацца і яшчэ больш уздымаць цэны. "Мы павінны гэта бачыць і ў гэтай дзікай рыначнай вакханаліі знайсці нейкі свой шлях каб стрымаць цэны", - заявіў беларускі лідар.

"Таму мною даручана перш за ўсё прафсаюзам, Камітэту дзяржкантролю, адпаведным падраздзяленням урада і дэпутатам звярнуць сур'ёзную ўвагу, вывучаць цэны і прымаць канкрэтныя рашэнні. Трэба перажыць гэты момант і не даць магчымасці тым, хто прывык нажывацца на росце цэн, гэта зрабіць. У адваротным выпадку прыйдзем ужо да сапраўднай рэвалюцыі. Людзі гэтага не вытрымаюць. Таму мы ўдзяляем сёння сур'ёзную ўвагу кантролю за цэнаўтварэннем", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Ён нагадаў, што нядаўна падпісаў адпаведны ўказ: "Неабгрунтаваны рост цэн, асабліва на сацыяльна значныя тавары, недапушчальны. У гэтым яго сутнасць. Гэта застаецца маім жорсткім патрабаваннем. Ніводны чалавек не павінен пераплачваць за нечую безгаспадарчасць або жаданне напхаць кішэнь".

Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў, што за факты, калі цэны на харчовыя тавары штучна завышаюцца, вінаватых варта караць рублём: "Ад новага старшыні патрабую навесці ў асноўнай сферы сістэмы Белкаапсаюза ўзорны парадак. За гэта адказваць будзеце асабіста".-0-

Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі