Сцяг Аўторак, 23 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
01 верасня 2020, 14:28

Лукашэнка: не ўсё ў жыцці так, як бачыцца ў віртуальным свеце

1 верасня, Баранавічы /Кар. БЕЛТА/. У рэальным жыцці не ўсё так, як гэта выглядае ў віртуальнай прасторы. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, адказваючы на пытанні журналістаў у час наведвання Баранавіцкага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа сферы абслугоўвання, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Не ўсё ў жыцці так бачыцца, як мы ў віртуальным свеце гэта пражываем. Адкрылі айфоны, тэлефоны і ўвесь час у іх глядзім. Ствараецца ілюзія нейкага іншага жыцця. Вось частка нашых людзей трапіла ў гэты ілюзорны свет", - сказаў кіраўнік дзяржавы, каменціруючы, як у некаторых СМІ падаюцца актуальныя падзеі ў Беларусі.

Прэзідэнт лічыць, што пад уплывам асобных масмедыя многае бачыцца ў крыху перабольшаным святле. Напрыклад, некарэктна падаецца колькасць удзельнікаў масавых мерапрыемстваў. Паводле яго слоў, ёсць дакладныя методыкі падліку, якія ўказваюць, што даныя скажаюцца. "Яны ў 10, а то і ў 20 разоў павялічваюць колькасць людзей на гэтых дэманстрацыях або мітынгах, - заўважыў Аляксандр Лукашэнка. - Але пытанне не ў гэтым. Важна, што гэта за людзі. Чаго яны выходзяць і чаго хочуць? А нічога".

"Пачалі, седзячы ў віртуальнай прасторы, штурхаць уладу: давайце дыялог. Прыгожае слова "дыялог", праўда? Скажыце, а з кім? Вось з вамі я магу весці дыялог з раніцы да ночы, спрачацца, вы можаце згаджацца або не згаджацца, - звярнуўся Прэзідэнт да журналістаў. - Пытанне ж не ў гэтым. Ніякага дыялогу яны не хочуць. З імі немагчыма весці дыялог. Таму што працэнтаў 30 там было тых, хто нічога не вырашае. Я ўчора гаварыў: мы чуем іх меркаванне - школьнікаў. Але яны ж нічога не вырашаюць, таму што яшчэ права выбару не маюць".

У гэтым плане Аляксандр Лукашэнка прызнаў недапрацоўку дзяржавы ў частцы выхавання моладзі. "Мы свае касякі бачым, - сказаў ён. - Цяпер займаемся аналізам. І ва ўрадзе, і ў Адміністрацыі Прэзідэнта рыхтуюць вывады з апошніх падзей, мы іх зробім".

На думку Прэзідэнта, моладзі часта не хапае жыццёвага вопыту для аб'ектыўнай ацэнкі таго, што адбываецца. "Некаторая частка нашай моладзі думае, што без працы можна добра жыць. Думаю, гэта пройдзе з узростам", - адзначыў ён. У сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы вельмі пазітыўна адазваўся аб такіх прадстаўніках моладзі, як, напрыклад, навучэнцы Баранавіцкага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа сферы абслугоўвання. "Вось іх мы ніколі не ўпусцім, таму што яны з дзяцінства паспрабавалі, што такое праца. А тыя, якія не паспрабавалі на зуб гэтай працы, і тыя, якія не бачылі, што было і што ёсць, каб параўнаць, з імі трэба было працаваць больш цесна", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі