Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
17 кастрычніка 2019, 11:26

Лукашэнка: не трэба на нас глядзець як на ворагаў, якія павярнуліся плячамі да Расіі

17 кастрычніка, Мінск /Кацярына Крышэнік - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заклікаў не глядзець на беларусаў як на ворагаў, якія нібыта павярнуліся плячамі да Расіі, падкрэсліўшы, што гэта краіна застаецца галоўным стратэгічным партнёрам і ўсе бягучыя праблемныя пытанні будуць уладжаны. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў у час сустрэчы з губернатарам Наўгародскай вобласці Андрэем Нікіціным, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Не трэба на нас глядзець як на ворагаў, якія адвярнуліся плячамі да Расіі, - сказаў Прэзідэнт. - Гэтага ніколі не было і не будзе. Нас асабліва там (у Заходняй Еўропе. - Заўвага БЕЛТА) не чакаюць, таму што перашкодай гэтаму з'яўляецца нават не дыктатура Лукашэнкі, перашкодай гэтаму з'яўляецца эканоміка". Справа ў тым, што ў Беларусі вырабляюцца тавары аналагічныя тым, што вырабляюцца ў краінах Еўрасаюза. "Там машынабудаванне не горшае, чым у нас. Усё, акрамя БелАЗаў, - растлумачыў Прэзідэнт. - Усё астатняе вырабляюць: і малако, і мяса, і іншае. На рынак нас туды ніхто не пускаў і не пусціць. Я ўвесь час іх за гэта крытыкую. Хоць у нас прадукцыя (яны гэта прызнаюць) значна лепшая па многіх параметрах, чым іх. Але на рынак не пускаюць. Якая тады аснова супрацоўніцтва з Еўрапейскім саюзам?"

У той жа час Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што падобныя праблемы з'явіліся і ў гандлі з Расіяй, але яны маюць часовы характар. "Мы вырашым гэтыя пытанні. Мы прынамсі на адной мове размаўляем", - дадаў ён.

Прэзідэнт падкрэсліў, што цеснае супрацоўніцтва з рэгіёнамі ў свой час дало магчымасць захаваць адносіны Беларусі з Расіяй. "Таму што быў вельмі сур'ёзны час, калі іскрыла паміж намі. І газ перакрывалі, і нафту не пастаўлялі, і гэтак далей. І толькі дзякуючы рэгіёнам нам удалося ўтрымаць нашы адносіны, і сёння яны на сур'ёзным узроўні. Не без праблем, але на сур'ёзным узроўні. Думаю, мы з Дзмітрыем Фёдаравічам (Мезенцавым, паслом Расіі ў Беларусі. - Заўвага БЕЛТА), МЗС і ўрадам Расіі (прэзідэнты таксама падключыліся) вырашым і гэтыя пытанні. Нам нельга страціць адзін аднаго ні ў якім разе. Што, у вас ёсць больш блізкі саюзнік, чым Беларусь? Не. Больш блізкай краіны, чым Расія, у нас таксама няма. Таму мы павінны супрацоўнічаць", - прадоўжыў ён.

"Але гэта не значыць, што мы селі адзін насупраць аднаго і глядзім адзін на аднаго. Не, - дадаў кіраўнік дзяржавы. - Я бачу, турэцкі гамбіт нейкі задумалі. Уцягнулі ўсе дзяржавы. Расія таксама ў гэтым удзельнічае, глядзіць, як там. Праўда, у выгаднай сітуацыі - як міратворчая краіна. Нам таксама ў рэгіёне трэба бачыць нашых суседзяў, тую ж Украіну".

Прэзідэнт зноў падкрэсліў, што для беларусаў расіяне не чужыя людзі, як, дарэчы, і прадстаўнікі іншых нацыянальнасцей, рэлігій. "У нас няма дрэнных адносін ні з Чачнёй, ні з Башкортастанам, ні з мусульманамі, ні з католікамі, ні з іўдзеямі, ні тым больш з праваслаўнымі ў Расіі. Вы для нас людзі родныя", - канстатаваў ён.

Але змяняюцца пакаленні, да ўлады прыходзіць моладзь, якая ўжо не застала час, калі многія народы жылі ў адзінай дзяржаве - Савецкім Саюзе. "Вы таксама з новага пакалення. Добра, вы яшчэ помніце больш, чым цяперашняя 30-гадовая моладзь, - што мы жылі ў адной дзяржаве, што такое славянскае адзінства, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - А прыходзіць жа моладзь, якая гэта не адчула і рэдка дзе чытала ў кніжках. У Вікіпедыі гэта не вельмі напішуць. Важна нам не страціць гэтыя адносіны і перадаць новым пакаленням, каб нашы дзеці разумелі, што мы разам, мы не дружым супраць некага. Мы ж не збіраемся заўтра супраць Еўрасаюза ні эканамічна, ні дыпламатычна, ні ў ваенным плане ваяваць. У нас усяго хапае - у Расіі і Беларусі. Дай бог, больш людзей. Нам трэба добраўпарадкаваць свае землі. Галоўнае, каб нам не перашкаджалі".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі