
31 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка назваў смешнай забарону прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага самому сабе весці перагаворы з Расіяй. Кіраўнік беларускай дзяржавы ў Пасланні народу і парламенту нагадаў аб адпаведным дакуменце, падпісаным ва Украіне, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Што за цуды: прэзідэнт суверэннай незалежнай краіны падпісвае ўказ, які датычыцца менавіта яго, і забараняе сабе весці перагаворы аб міры. Гэта проста смешна. Гавару як Прэзідэнт. Калі ты не хочаш весці перагаворы, дык і не вядзі іх. Навошта падпісваць гэты ўказ і смяшыць усіх людзей? Што ты гэтым хочаш прадэманстраваць?" - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт расказаў, што, размаўляючы з Уладзімірам Зяленскім у самым пачатку канфлікту ва Украіне, заўсёды спрабаваў "па-сяброўску, па-брацку" павярнуць яго на правільны шлях. "Я яму заўсёды гаварыў: "Валодзя, ты падумай, вайна ідзе на тваёй зямлі, на тваёй тэрыторыі. Сёння ты будзеш героем, ты будзеш на чале, будзеш там ездзіць пад Бахмут уручаць узнагароды. А міне час - народ з цябе запатрабуе, чаму ты не прадухіліў вайну, чаму ты не зрабіў усё, каб вайны гэтай не было? А калі пачалася, чаму ты не спыніў яе, і гінулі ні ў чым не вінаватыя людзі?" Гінуць жа, я яму гаварыў, не твае дзеці. Не твае сваякі. Яны, магчыма, дзесьці на Блакітным беразе забаўляюцца. А гінуць тыя, хто не павінен гінуць. Іх сваякі, калі яны загінуць, запатрабуюць, - адзначыў кіраўнік дзяржавы. - Як бачым, цішыня".
Аляксандр Лукашэнка перакананы, што важна як мага хутчэй пачаць перагаворы, і гэта адзіны шлях. Ён адзначыў, што ВПК Расіі разгортваецца цяпер на поўную моц, і потым ужо можа быць цяжка гаварыць аб перагаворах. "Спыніцца трэба цяпер, пакуль не пачалася эскалацыя", - падкрэсліў беларускі лідар.-0-