
12 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Палітыка Польшчы ў адносінах да Беларусі - гэта кан'юнктуршчына. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў журналістам 12 красавіка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Аляксандр Лукашэнка прызнаўся, што за прэзідэнцкай гонкай, якая цяпер разгортваецца ў Польшчы, ён не сочыць. Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, ён ставіцца да гэтага абыякава.
"Палякі загуляліся. Хто-хто, але палякі нашы ж людзі, славяне. Маглі б жыць нармальна, гандляваць, развівацца. Мы ж ніводнага паляка, калі яны санкцыі ўвялі, адсюль не выгналі. І многія тут працуюць. І няхай працуюць. Нармальна працуюць і лічаць беларусаў нармальнымі людзьмі. Але выбудавалі такую палітыку. Гэта кан'юнктуршчына. Гэта кан'юнктуршчыкі", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Такім чынам Польшча выбудоўвае палітыку і ўнутры Еўрапейскага саюза. Гэта асабліва было відаць некалькі гадоў таму, калі польскія ўлады, каб дагадзіць амерыканцам, пачыналі спрэчкі з ЕС.
"Прыйшоў Трамп, і яму пофіг на гэты Еўрапейскі саюз. Гэта самы вялікі вораг для Трампа - Еўрапейскі саюз. Лідары Еўрапейскага саюза, кіраўнікі дзяржаў супраць Трампа ваявалі на выбарах, вось ім Трамп доўг аддае. Цяпер палякі прыціхлі крыху, ужо не з амерыканцамі. Яны ўжо не ведаюць, куды. Яны пасварыліся з Еўрапейскім саюзам. Амерыканцы цяпер на іх пільна паглядаюць. Зразумела - плацдарм для таго, каб супраць нас, супраць Расіі і іншых краін. Польшча - гэта зручны плацдарм. Але Трамп праводзіць сваю палітыку. Палякі прыціхлі. Дык навошта сварыліся з еўрапейцамі, якія вас утрымлівалі? Што цяпер, куды цяпер? Там цяпер кожны за сябе. Таму ў іх такая палітыка - імгненная, сітуатыўная. Няма цэльнай канцэпцыі. Гэта вельмі небяспечна", - заявіў беларускі лідар.

"Яны быццам бы з кітайцамі. Але калі з кітайцамі, тады з беларусамі трэба ў абдымку хадзіць. Кітацы ж з вамі будуць гандляваць перш за ўсё (гэта іх інтарэс) праз Беларусь. Украіна закрыта, праз Стамбул - больш складана, а Беларусь - калі ласка. Расія, Беларусь. Таму не трэба з намі сабачыцца. Трэба жыць па-добраму, па-сапраўднаму. Такая павінна быць палітыка. Польшча да гэтага не гатова", - заявіў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка таксама заўважыў, што пасада Прэзідэнта ў Польшчы - гэта толькі "лялька, цацка, каб па калідоры ў Вашынгтоне хадзіць туды-сюды і чакаць, калі адкрыюць дзверы". "Улада ў Польшчы - гэта знявага польскага народа, іх гордасці і годнасці", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.-0-