Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
07 красавіка 2022, 10:50

Лукашэнка назваў галоўную мэту развязанай супраць Беларусі эканамічнай вайны

7 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка назваў галоўную мэту развязанай супраць Беларусі эканамічнай вайны. Яна заключаецца ў падрыве дабрабыту насельніцтва. Адпаведныя заявы кіраўнік дзяржавы зрабіў на пасяджэнні Савета бяспекі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Эканамічная вайна супраць Беларусі вядзецца ўжо амаль два гады. З улікам падзей ва Украіне наступленне на нас пайшло па ўсіх франтах: у гандлі, фінансах, лагістыцы. Галоўная мэта - перакрыць нашы экспартныя каналы, аслабіць праз імпартныя абмежаванні, каб у канчатковым выніку ўсё гэта паўплывала на дабрабыт нашага насельніцтва", - сказаў Прэзідэнт.

Як адзначыў кіраўнік дзяржавы, на пасяджэнне вынесена пытанне аб сітуацыі ўнутры і вакол Беларусі, яе ўплыве на сацыяльна-эканамічнае развіццё краіны: "Адкрыта скажу: цяпер гэта пытанне - адно з найбольш актуальных для дзяржавы і стаіць у адным радзе з забеспячэннем яе ваеннай бяспекі. Нам неабходна ацаніць, як складваецца абстаноўка ў краіне, у свеце і якія тэндэнцыі праглядаюцца. Якія высновы з гэтага вынікаюць, на што накіраваць намаганні, якія практычныя крокі рабіць".

Яшчэ адна тэма - асноўныя напрамкі знешнепалітычнага курсу Беларусі ў існуючых умовах.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ад эфектыўнасці работы эканомікі ва ўмовах гандлёвай і фінансавай блакады з боку Захаду і правільна расстаўленых знешнепалітычных прыярытэтаў шмат у чым залежыць і ўнутрыпалітычная стабільнасць у краіне.

Перад удзельнікамі пасяджэння Аляксандр Лукашэнка паставіў шэраг пытанняў. Па-першае, як урад ацэньвае бягучую эканамічную сітуацыю і якія пагрозы праглядаюцца на бліжэйшую і сярэднетэрміновую перспектыву, а таксама якія ёсць рэзервы для процістаяння санкцыям і якая агульная стратэгія ўрада ў цэлым. "Пастаўлена задача адна - эканоміка. Ніхто ўвагу ўрада не адцягвае ў гэтай сітуацыі на вырашэнне іншых пытанняў, акрамя эканамічных", - заўважыў беларускі лідар.

Па-другое, наколькі эфектыўна рэалізуюцца беларуска-расійскія дамоўленасці аб узаемнай падтрымцы ў сувязі з жорсткім націскам Захаду і якія неабходны дадатковыя меры. Кіраўнік дзяржавы таксама пацікавіўся, якія праблемы, магчыма, патрабуюць яшчэ вырашэння на ўзроўні прэзідэнтаў.

Па-трэцяе, якія карэктывы неабходна ўнесці ў знешнепалітычную дзейнасць, якія неадкладныя меры прыняць тут і цяпер з улікам істотнага змянення сітуацыі вакол Беларусі і існуючых прагнозаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі