
4 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 4 красавіка ў час нарады па пытанні аб аказанні падтрымкі арганізацыям фізічнай культуры і спорту назваў галоўную формулу ўзаемадзеяння дзяржавы і спартсменаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Падыход непахісны: даяце рэзультат - атрымліваеце грошы, і перш за ўсё дастойную заработную плату. Няма рэзультату - няма грошай. Вось галоўная формула. Як хочаце мяне разумейце", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Пры гэтым кіраўнік дзяржавы заўважыў, што аб такім падыходзе ён папярэджваў заўсёды. "Вось менавіта так будзем рабіць. Патрэбны, мужыкі, рэзультат. Не будзе рэзультату, толку не будзе", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Такога ж прынцыпу Аляксандр Лукашэнка прытрымліваецца і ў іншых сферах. "Не можа быць так, што я шкуру здымаю з урада, з новага прэм'ер-міністра: дай эканоміку. Або з кіраўніка Адміністрацыі: выдай арганізацыю і іншае. Ці сацыяльную сферу з віцэ-прэм'ера. А вы будзеце хадзіць расслабленыя. Такога ж не бывае. Таму ёсць адзін крытэрый. Ёсць рэзультат у эканоміцы - добра працуе ўрад, Нацыянальны банк. Ёсць рэзультат у спорце - добра", - сказаў беларускі лідар.
У той жа час кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што не трэба забываць і аб падрыхтоўцы рэзерву. Пра гэта трэба думаць ужо сёння.

Прэзідэнт пацікавіўся, што зроблена для навядзення парадку перш за ўсё ў гульнявых відах спорту і што яшчэ неабходна зрабіць, як выконваюцца яго даручэнні і кантралююцца дзяржаўныя грошы, якія накіроўваюцца клубам і федэрацыям.
"Хачу, мужыкі, вас папярэдзіць. Не праблема сёння паглядзець, куды ідуць гэтыя грошы. І паглядзім. Але па-мужчынску хачу сказаць, што родных, блізкіх, палюбоўніц, яшчэ некага вы, калі ласка, утрымлівайце за свае грошы. За свае грошы. Зарабляйце, дзе хочаце, і іх утрымлівайце. Гэта будзе па-чалавечы, па-мужчынску правільна. Вы, я думаю, зробіце адпаведныя высновы з таго, што я сказаў, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Наколькі справядліва і, галоўнае, па-гаспадарску клубы распараджаюцца сродкамі ці проста іх асвойваюць, або трацяць? На якія мэты накіроўваюць фінансы? Асабліва хачу падкрэсліць: мы за спартыўныя аб'екты, якія каштуюць мільярды рублёў, запатрабуем з Міністэрства спорту".-0-

