Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
26 лістапада 2018, 09:57

Лукашэнка назначыў Сівака старшынёй Мінгарвыканкама

26 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка назначыў Анатоля Сівака, які да гэтага часу працаваў на пасадзе міністра транспарту і камунікацый, старшынёй Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта і анансаваў хуткую сустрэчу з актывам сталіцы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Анатолю Сіваку неабходна ў сціслыя тэрміны ўвайсці ў курс справы, разабрацца з кадравымі пытаннямі. "Калі не ў горадзе, то ў самім гарвыканкаме. Праз тры тыдні падрыхтуйце маё наведванне актыву горада ў гарвыканкаме - дэпутаты, кіраўніцтва - усе тыя, хто вызначае аблічча горада, жыццё ў сталіцы Беларусі, - сказаў Прэзідэнт. - Мне трэба сур'ёзна пагаварыць з апаратам, з выканкамам. У мяне вельмі шмат прэтэнзій і вельмі шмат пытанняў не толькі да былога кіраўніцтва на чале з Шорцам (Андрэй Шорац. - Заўвага БЕЛТА), але і да саміх членаў выканкама - работнікаў апарату".

Фота з архіва'

Гаворачы аб назначэнні Анатоля Сівака, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што разглядалася больш за дзясятак кандыдатур на пасаду новага кіраўніка горада. "І гэта не сёння вырашаецца пытанне, яно ўжо даўно паўстала", - падкрэсліў беларускі лідар.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, адным з вырашальных фактараў у выбары менавіта гэтай кандыдатуры стала тое, што Анатоль Сівак у ранейшыя гады эфектыўна працаваў на пасадзе памочніка Прэзідэнта - галоўнага інспектара па горадзе Мінску. "Павінен сказаць - быў эфектыўным памочнікам, інспектарам па кадрах з усіх тых, хто працаваў пасля і да яго. Гэта, напэўна, асноўны матыў і фактар", - дадаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Анатоль Сівак нядрэнна ведае Мінск і працуючыя ў горадзе кадры. "І што яшчэ імпануе асабіста мне - гэта высокая адказнасць за даручаную справу. Таму я вельмі спадзяюся, што вось гэта пачуццё высокай адказнасці за даручаную справу, стараннасць, чаго нам вельмі не хапае на ўсіх узроўнях (мы ўчора пра гэта казалі), нікуды не знікнуць, і Мінск набудзе добрага гаспадара", - сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што ў 2019 годзе Беларусь будзе прымаць II Еўрапейскія гульні, а таму Мінск трэба падрыхтаваць да гэтага міжнароднага спартыўнага форуму, зрабіць яго ўтульным і прывабным для гасцей, каб яны і ў далейшым прыязджалі ў якасці турыстаў.

"Але самае галоўнае - ва ўсёй вертыкалі ўлады экзамен - парламенцкія і прэзідэнцкія выбары. Я гэта ніколі не ўтойваў і не ўтойваю. Гэта экзамен, які мы ўсе будзем здаваць. Мы не будзем націскаць на народ і прасоўваць нейкую адну кандыдатуру. Мы павінны падысці да выбараў там, каб у розумах людзей нават не было альтэрнатывы", - сказаў беларускі лідар.

Пры гэтым ён адзначыў, што, зразумела, будуць альтэрнатыўныя кандыдаты ў дэпутаты і прэзідэнты. "Але яны (народ Беларусі. - Заўвага БЕЛТА) пры ўсіх недахопах улады павінны разумець і ацаніць уладу станоўча", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама папрасіў новага мэра звярнуць увагу на карупцыю, якая бытуе ў горадзе. "Усё ж такі кіраўніцкая вертыкаль у горадзе вялікая", - адзначыў ён.

Кіраўнік дзяржавы расказаў, што некалі нават стаяла пытанне аб скарачэнні колькасці адміністрацый у раёнах горада. Аднак на гэты крок не пайшлі дзеля зручнасці людзей. "Яны прывыклі вырашаць свае пытанні там. А вось мазгі ўставіць кіраўнікам адміністрацый і тым невялікім чыноўнікам, якія там ёсць, трэба", - падкрэсліў Прэзідэнт.

"Думаю, што са многімі ў гарвыканкаме давядзецца расстацца. Але не крыўдзі людзей, якія адданыя дзяржаве і хочуць працаваць у горадзе разам з табой. Часу няшмат - тры тыдні. Трэба разабрацца і падумаць, з кім будзеш працаваць, - сказаў Прэзідэнт. - Хацелася б, каб кадры, якія табе давядзецца падбіраць разам з кіраўніком Адміністрацыі, каб яны былі з горада і ведалі горад. Не трэба чыгунку, аўтамабільны транспарт, паветраны і рачны цягнуць туды за сабой. Думаю, у цябе дастаткова сваіх поглядаў на кадравую палітыку, і веданне людзей, аўтарытэт дапамогуць табе падабраць і прапанаваць на кіруючыя пасады або назначыць тых людзей, якія будуць працаваць і выконваць тыя задачы, якія патрэбна".

Кіраўнік дзяржавы асабліва падкрэсліў, што нельга панізіць цяперашнюю планку ў развіцці горада: "Мінск у нас дагледжаны, добры, прыгожы горад. Трэба надаць належную дынаміку".

Што датычыцца Андрэя Шорца, які кіраваў Мінгарвыканкамам на працягу апошніх гадоў, Прэзідэнт прыняў рашэнне аб яго пераводзе на іншую работу. "Прыбавіць так, як гэта трэба, ён не можа. Я гэта адчуваю. Таму мной прынята рашэнне аб пераводзе яго на іншую работу", - растлумачыў кіраўнік дзяржавы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі