Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
20 студзеня 2020, 14:00

Лукашэнка назначыў новых міністра абароны і начальніка Генштаба

20 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння разгледзеў кадравыя пытанні і прыняў рашэнне аб назначэнні новых міністра абароны і начальніка Генеральнага штаба Узброеных Сіл, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Пасаду кіраўніка ваеннага ведамства зойме генерал-маёр Віктар Хрэнін, які з'яўляўся камандуючым войскамі Заходняга аператыўнага камандавання. Начальнікам Генеральнага штаба УС назначаны генерал-маёр Аляксандр Вальфовіч, які раней працаваў першым намеснікам начальніка Генштаба.

Прэзідэнт растлумачыў, што напярэдадні прыняў рашэнне назначыць міністра абароны Андрэя Раўкова дзяржаўным сакратаром Савета бяспекі і вырашыў не зацягваць з назначэннем новага кіраўніка ваеннага ведамства. "Мы людзі ваенныя, час няпросты. Гэта не значыць, што заўтра вайна і нам з некім давядзецца ваяваць - ні ў якім разе. Але ваенная арганізацыя не дапускае нявызначанасці", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, кандыдаты на пасады міністра абароны і начальніка Генштаба разглядаліся некалькі месяцаў. Прэзідэнт растлумачыў назначэнні: "Нам вельмі важна цяпер падняць значнасць войскаў. І Хрэнін, і Вальфовіч - гэта людзі аднаго калібру, людзі падрыхтаваныя. Я ўважліва вывучаў іх біяграфіі: яны паралельна прайшлі той жа шлях. Я заўсёды скрупулёзна гляджу, ці былі "на зямлі". Яны і ўзводамі камандавалі, і ротны вопыт, і батальёна. Інакш кажучы яны ведаюць жыццё арміі не па чутках. Гэта вельмі важна. Я думаю, што яны знойдуць узаемаразуменне. Інакш і быць не можа ў беларускай арміі. Калі разумення няма, значыць, і людзей там не павінна быць такіх".

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што Аляксандр Вальфовіч ужо мае цудоўны вопыт работы ў Генеральным штабе, пра яго адзываюцца як пра вельмі добрага практыка. "Я палічыў неабходным не вырываць яго адтуль, таму што пасада начальніка Генштаба вельмі важная, - адзначыў кіраўнік дзяржавы. - Я, вядома, не гатовы да таго, каб рэфармаваць армію такім чынам, каб міністр абароны нейкімі прадстаўніцкімі функцыямі валодаў, а начальнік штаба быў фактычна кіраўніком арміі. Я думаю, што адзінаначалле для нас нармальна: у нас кампактная, не такая вялікая і не малая армія. Нам не трэба ламаць тут структуру кіравання, але агульную мову трэба знаходзіць".

Прэзідэнт дадаў, што перад назначэннем кандыдатаў вывучаліся і адмоўныя заключэнні па іх. Аднак усіх ён ахарактарызаваў як людзей падрыхтаваных і адданых Беларусі, "якія не ўяўляюць свайго жыцця без гэтага кавалка зямлі". "Думаю, у нас агульныя мэты. Перад намі стаяць агульныя задачы, і мы павінны будзем іх вырашаць", - рэзюмаваў ён.

Аляксандр Вальфовіч нарадзіўся ў 1967 годзе ў Казані. У 1988 годзе скончыў Маскоўскае ваеннае агульнавайсковае каманднае вучылішча, у 1998-м - камандна-штабны факультэт Ваеннай акадэміі Беларусі, у 2008-м - Ваенную акадэмію Генеральнага штаба Узброеных Сіл Расійскай Федэрацыі.

Ваенную кар'еру пачаў у 1988 годзе ў Туркестанскай ваеннай акрузе. З 1993 года знаходзіцца на службе ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь, дзе працаваў на розных пасадах у вучэбным цэнтры падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спецыялістаў (1993-2001 гады), на базе аховы і абслугоўвання Мінабароны (2001-2005), а таксама ў Генеральным штабе УС і брыгадзе Паўночна-Заходняга аператыўнага камандавання (2005-2010).

З 2010 па 2012 год з'яўляўся намеснікам камандуючага войскамі Заходняга аператыўнага камандавання. З 2012 года знаходзіўся на пасадзе начальніка штаба - першага намесніка камандуючага войскамі Паўночна-заходняга аператыўнага камандавання, а з 2015-га - камандуючага гэтага войскамі. У 2018 годзе быў назначаны намеснікам начальніка Генеральнага штаба Узброеных Сіл.

Віктар Хрэнін нарадзіўся 1 жніўня 1971 года ў Навагрудку. Скончыў у 1992 годзе Омскае вышэйшае агульнавайсковае каманднае вучылішча імя М.В.Фрунзэ, у 2005-м - камандна-штабны факультэт Ваеннай акадэміі Беларусі, у 2014-м - факультэт Генеральнага штаба Узброеных Сіл Ваеннай акадэміі Беларусі.

У 1992-2003 гадах ваенную службу праходзіў на пасадах камандзіра мотастралковага ўзвода, камандзіра разведвальнага ўзвода, разведвальнай роты, начальніка аддзялення кіравання - начальніка пункта апрацоўкі інфармацыі каманднага пункта асобнага разведвальнага батальёна, намесніка камандзіра асобнага мотастралковага батальёна, намесніка камандзіра асобнага разведвальнага батальёна, камандзіра асобнага танкавага батальёна, камандзіра асобнага гвардзейскага мотастралковага батальёна 6-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады Заходняга аператыўнага камандавання.

Пасля заканчэння ў 2005 годзе Ваеннай акадэміі Беларусі быў назначаны старшым афіцэрам аператыўнага аддзялення аператыўнага аддзела штаба Заходняга аператыўнага камандавання. Наступныя гады займаў пасады намесніка камандзіра, начальніка штаба - першага намесніка камандзіра 6-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады Заходняга аператыўнага камандавання, начальніка штаба - першага намесніка камандзіра 11-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады Заходняга аператыўнага камандавання, старшага афіцэра аддзела галоўнага аператыўнага ўпраўлення Генеральнага штаба Узброеных Сіл, камандзіра 6-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады Заходняга аператыўнага камандавання, камандзіра 11-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады Заходняга аператыўнага камандавання, намесніка камандуючага войскамі Заходняга аператыўнага камандавання.

У ліпені 2014 года назначаны начальнікам штаба - першым намеснікам камандуючага войскамі Заходняга аператыўнага камандавання Узброеных Сіл. З чэрвеня 2015 года і да гэтага часу камандаваў войскамі Заходняга аператыўнага камандавання.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі