Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
04 чэрвеня 2020, 11:17

Лукашэнка назначыў новы склад урада, прэм'ер-міністрам стаў Раман Галоўчанка

4 чэрвеня, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка назначыў прэм'ер-міністрам Рамана Галоўчанку, які да гэтага часу займаў пасаду старшыні Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Раман Галоўчанка мае вялікі вопыт работы на розных пасадах, у тым ліку на дыпламатычнай службе, ведае, як весці перагаворы, узначальваў ваенна-прамысловы комплекс.

"Я яго ўчора папярэдзіў, што ў нас урад - калектыўны орган. І ён - старшыня ўрада. Ён спікер гэтага ўрада. Пры галасаванні ён мае той жа адзін голас. Пры роўным галасаванні, вядома, перавага ў яго. Але, нягледзячы на гэта, ён галавой адказвае за дысцыпліну і парадак ва ўрадзе. За канчатковы вынік", - падкрэсліў беларускі лідар.

Прэзідэнт растлумачыў, чаму яго выбар прыпаў менавіта на Рамана Галоўчанку. "Таму што ў нас нібыта ў сельскай гаспадарцы мы нешта зрабілі, зразумелі, у якім напрамку рухацца. У сярэдзіне 90-х есці не было чаго, па талонах дзялілі прадукцыю, а сёння мы на $6 млрд прадаём гэтай прадукцыі, забяспечыўшы сябе. У прамысловасці мы таксама ведаем, што рабіць, але канкурэнцыя вельмі вялікая па нашых таварах, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - І ў прамысловасць нам трэба сур'ёзна ўнікаць і кантраляваць".

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Раман Галоўчанка на папярэдняй рабоце займаўся прамысловасцю на самым высокім тэхналагічным узроўні. "Я хачу ад яго атрымаць больш высокі тэхналагічны ўзровень у прамысловасці. Ва ўсіх сферах, дзе гэта магчыма. Ён нядрэнны арганізатар", - сказаў Прэзідэнт.

"Але, самае галоўнае, - гэта надзейны чалавек, якому можна даверыць. Які разумее, ад зямлі, - заявіў кіраўнік дзяржавы. - Ён надзейны чалавек, патрыёт сваёй краіны, нарадзіўся і вырас у Беларусі. Аб'ездзіўшы ўвесь свет, ён не застаўся нідзе, ні ў адной краіне. Для нас вельмі важна цяпер, каб да ўлады прыйшлі патрыёты і прафесіяналы".

Першым віцэ-прэм'ерам назначаны Мікалай Снапкоў, а Аляксандр Субоцін зойме пасаду віцэ-прэм'ера. Старшынёй КДК назначаны Іван Тэртэль. Дзмітрый Крутой пераведзены на пасаду намесніка кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта, а Валерый Бельскі назначаны памочнікам кіраўніка дзяржавы.

Перамены і ў міністэрскім корпусе. Новым міністрам архітэктуры і будаўніцтва стаў Руслан Пархамовіч, міністрам інфармацыі - Ігар Луцкі, прамысловасці - Пётр Пархомчык, фінансаў - Юрый Селіверстаў, ЖКГ - Андрэй Хмель.

Дзмітрый Матусевіч узначаліць Дзяржкамітэт па маёмасці, а Дзмітрый Пантус назначаны старшынёй Дзяржкамваенпрама.

"Сяргей Румас (былы прэм'ер-міністр. - Заўвага БЕЛТА), калі ён захоча працаваць у дзяржаўных органах і структурах, будзе працаваць. Страціць мы яго таксама не можам. Нікуды не дзенецца, працаваць будзе на краіну", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

"Румас, Мікулёнак - у сувязі з пераходам на іншую працу. Анфімаў, Дворнік - у сувязі з выхадам у адстаўку. Церахаў, Карлюкевіч, Уцюпін, Ермаловіч і Гаеў - таксама ў сувязі з пераходам на іншую працу. Яны будуць працаваць. Проста, час настаў зрабіць гэту ратацыю і замену некаторых кадраў. Астатнія запрошаныя на нараду кіраўнікі дзяржаўных органаў захоўваюць свае пасады ў новым складзе ўрада", - растлумачыў Прэзідэнт кадравыя змяненні, якія адбыліся.

"Мы сёння здаём экзамен. Не толькі я. І не столькі я - вы. Збяромся тут, здадзім гэты экзамен - захаваем краіну. І будзем ганарыцца тым, што час выбраў нас у гэты момант і ў гэты час. Экзамен - гэта выбары Прэзідэнта Беларусі", - рэзюмаваў беларускі лідар.

На заканчэнне ён папрасіў кіраўніка Адміністрацыі арганізаваць работу разам з кіраўнікамі парламента і прадставіць у калектывах назначаных службовых асоб.

"Вельмі вас прашу, збярыцеся і кожны зрабіце сваю работу", - даў наказ Прэзідэнт.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі