Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
20 студзеня 2020, 13:43

Лукашэнка назначыў дзяржсакратара Савета бяспекі, міністра абароны і начальніка Генштаба УС

20 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністр абароны генерал-лейтэнант Андрэй Раўкоў назначаны на пасаду дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі. Адпаведнае кадравае рашэнне прыняў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Я ўчора прыняў рашэнне аб назначэнні вас у сакратарыят Савета бяспекі дзяржаўным сакратаром. Зразумела, вызваліліся пасады, і я палічыў з гэтым не цягнуць. Мы людзі ваенныя, час няпросты. Гэта не значыць, што заўтра вайна і нам з некім давядзецца ваяваць - ні ў якім выпадку. Але ваенная арганізацыя не дапускае нявызначанасці", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Аляксандр Вальфовіч, Віктар Хрэнін і Андрэй Раўкоў

Прэзідэнт адзначыў, што дзяржсакратарыят Савета бяспекі - гэта орган, які дапамагае яму працаваць з сілавым блокам. А паколькі армія - ключавы элемент сілавога блока і яе кіраўніком заўсёды назначаецца вельмі вопытны чалавек, было прынята рашэнне перавесці Андрэя Раўкова ў Савет бяспекі. "Добра, што ў нас яшчэ і кіраўнік Адміністрацыі (Ігар Сергяенка. - Заўвага БЕЛТА) - чалавек вельмі блізкі да гэтых пытанняў, разумее і разбіраецца. Думаю, што мне крыху лягчэй будзе ў гэтым плане. Тым не менш дзяржсакратар у выніку існуючай практыкі валодае вельмі вялікімі паўнамоцтвамі, у яго вялікі дыяпазон самастойнасці", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка сёння таксама назначыў новага міністра абароны і начальніка Генеральнага штаба Узброеных Сіл. Пасаду кіраўніка ваеннага ведамства зойме генерал-маёр Віктар Хрэнін, які з'яўляўся камандуючым войскамі Заходняга аператыўнага камандавання. Начальнікам Генеральнага штаба Узброеных Сіл назначаны генерал-маёр Аляксандр Вальфовіч, які раней працаваў першым намеснікам начальніка Генштаба.

Паводле слоў Прэзідэнта, кандыдатуры на ўсе гэтыя пасады разглядаліся некалькі месяцаў. Вывучаліся і адмоўныя заключэнні. "Але бачу, што ўсе людзі падрыхтаваныя, адданыя Беларусі, любяць Беларусь. Людзі, якія не ўяўляюць свайго жыцця без гэтага кавалка зямлі. Думаю, у нас агульныя мэты. Перад намі стаяць агульныя задачы, і мы павінны будзем іх вырашаць", - рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.

Генерал-лейтэнант Андрэй Аляксеевіч Раўкоў нарадзіўся ў 1967 годзе ў вёсцы Равякі Бешанковіцкага раёна Віцебскай вобласці. У 1984 годзе скончыў Мінскае сувораўскае ваеннае вучылішча, у 1988 годзе з адзнакай і залатым медалём - Маскоўскае вышэйшае агульнавайсковае каманднае вучылішча, у 1999 годзе з адзнакай і залатым медалём - камандна-штабны факультэт Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь, у 2005 годзе з адзнакай - Ваенную акадэмію Генеральнага штаба Узброеных Сіл Расійскай Федэрацыі.

З 1988 па 1997 год прайшоў усе службовыя ступені ад камандзіра ўзвода да камандзіра батальёна. З 1999 па 2003 год ваенную службу праходзіў на пасадах начальніка штаба і камандзіра базы захоўвання ўзбраення і тэхнікі.

З 2005 па 2012 год займаў пасады камандзіра асобнай мабільнай брыгады, начальніка аператыўнага аддзела - намесніка начальніка штаба Заходняга аператыўнага камандавання, начальніка штаба - першага намесніка камандуючага войскамі Паўночна-Заходняга аператыўнага камандавання.

З'яўляўся камандуючым войскамі Паўночна-Заходняга аператыўнага камандавання з 2012 па 2014 год.

У лістападзе 2014 года быў назначаны міністрам абароны.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі