Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
02 лютага 2024, 13:42

Лукашэнка назначыў дырэктарам ДФР КДК Андрэя Самбука

2 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка назначыў Андрэя Самбука намеснікам старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю - дырэктарам Дэпартамента фінансавых расследаванняў. Раней ён узначальваў у КДБ следчае ўпраўленне, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Я запрасіў вас для таго, каб абмеркаваць, з аднаго боку, пытанні функцыянавання ў агульных рысах і дзейнасці дзвюх нашых найважнейшых сілавых структур. Размова ідзе пра Камітэт дзяржбяспекі і фінансавую разведку, як мы яе некалі называлі. Перададзена была (яна. - Заўвага БЕЛТА) у Камітэт дзяржкантролю. Праблем хапае. Пра гэта мы яшчэ пагаворым", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Яшчэ адно пытанне - кадравае - у сувязі з вакансіяй кіраўніка Дэпартамента фінансавых расследаванняў.

"Там (у ДФР. - Заўвага БЕЛТА) нам трэба надаць пэўны напрамак, магчыма, звязаны больш з сістэмнай работай, як гэта ў Камітэце дзяржбяспекі. Я схільны да таго, каб вас туды, Андрэй Васільевіч, накіраваць на гэту пасаду кіраўніком. А Канстанцін Фёдаравіч (намеснік начальніка Следчага ўпраўлення КДБ Беларусі Канстанцін Бычак. - Заўвага БЕЛТА), паколькі ён зусім яшчэ малады чалавек, папрацуе ў Камітэце дзяржбяспекі", - заявіў Прэзідэнт.

"Ну і я не ўтаю. Новае пакаленне. Я заўсёды пра гэта гавару. Вам давядзецца яшчэ працаваць і працаваць. І на больш высокіх пасадах. Таму пра гэта таксама не забывайце", - дадаў беларускі лідар.

Прынята таксама рашэнне аб назначэнні Канстанціна Бычака начальнікам следчага ўпраўлення Камітэта дзяржбяспекі.

Як расказаў Андрэй Самбук у час размовы з журналістамі пасля назначэння, кіраўнік дзяржавы даручыў прыняць комплекс мер, накіраваных на далейшае развіццё органаў фінансавых расследаванняў.

Новы кіраўнік ДФР падкрэсліў, што органы фінансавых расследаванняў з'яўляюцца адным са звёнаў сістэмы гарантавання нацыянальнай бяспекі Беларусі. Сярод іх асноўных задач - абарона інтарэсаў грамадства і дзяржавы ад злачынных і іншых проціпраўных замахаў у эканамічнай сферы, забеспячэнне эканамічнай бяспекі краіны, абарона правоў і законных інтарэсаў грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і арганізацый у эканамічнай сферы. Перад ДФР КДК таксама стаіць задача выяўляць і спыняць злачынствы і адміністрацыйныя правапарушэнні ў эканамічнай сферы, у тым ліку карупцыйныя. "Супрацоўнікі ДФР з'яўляюцца прафесіяналамі сваёй справы, патрыётамі нашай краіны. Таму магу запэўніць, што ўсе пастаўленыя кіраўніком дзяржавы задачы будуць выкананы ў поўным аб'ёме", - сказаў дырэктар ДФР.-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі