Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
20 кастрычніка 2021, 11:33

Лукашэнка наведвае Мінскую абласную клінічную бальніцу

20 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка наведвае Мінскую абласную клінічную бальніцу, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У бальніцу Аляксандр Лукашэнка прыехаў адразу пасля наведвання размешчанага побач Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра анкалогіі і медыцынскай радыялогіі. Тут кіраўнік дзяржавы азнаёміўся са станам спраў у РНПЦ і арганізацыяй медыцынскай дапамогі анкахворым.

Галоўны ўрач Мінскай абласной клінічнай бальніцы Аляксандр Лінкевіч расказаў Прэзідэнту аб структуры клінікі, рабоце ва ўмовах COVID-19 і парадку аказання медыцынскай дапамогі хворым на каранавірус у перапрафіляваных аддзяленнях.

Усяго ва ўстанове 947 ложкаў. З іх 410 тэрапеўтычнага профілю, 500 - хірургічнага і 37 рэанімацыйнага. Пры гэтым у клініцы ёсць дэфіцыт плошчаў, таму частка аддзяленняў для дарослых знаходзіцца ў дзіцячай абласной бальніцы. Будаўніцтвам новага корпуса плануюць вырашыць гэту праблему. Акрамя таго, у новым будынку хочуць пашырыць рэанімацыйны профіль.

Прэзідэнт падкрэсліў, што ў гэтым пытанні трэба зыходзіць з практычнай неабходнасці. Бо часам атрымліваецца, што нават існуючы фонд ніколі не бывае загружаны цалкам. "Ва ўрачоў ёсць такая "хвароба": каб больш (ложкаў. - Заўвага БЕЛТА), свабодней, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Таму калі размова ідзе пра новы корпус (вы ж там хочаце пабудаваць больш за дзясятак аперацыйных), у мяне адразу пытанне: а ці можам мы абысціся меншай колькасцю? Не таму што дорага і іншае. Вядома, калі трэба дзесяць, павінна быць дзесяць. Але калі можна абысціся пяццю, значыць, тады трэба абыходзіцца пяццю".

Дапамогу пацыентам з каранавіруснай інфекцыяй абласная клініка пачала аказваць у ліпені 2020 года. За студзень-верасень гэтага года тут пралечана больш за тысячу чалавек. Для хворых на каранавірус у бальніцы вылучана 220 ложкаў. Інфекцыйныя аддзяленні разгорнуты на базе рэўматалагічнага, пульманалагічнага, неўралагічнага, нефралагічнага, кардыялагічнага і хірургічнага аддзяленняў. Акрамя таго, у клініцы вылучаны 22 рэанімацыйныя ложкі для COVID-хворых на базе аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі.

У абласной бальніцы Аляксандр Лукашэнка таксама наведаў чырвоную зону, дзе знаходзяцца на лячэнні пацыенты з COVID-19. Паводле даных на 19 кастрычніка, у інфекцыйных аддзяленнях бальніцы на лячэнні знаходзяцца 203 пацыенты, з іх 21 чалавек у цяжкім стане, на ШВЛ - 11 пацыентаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі