21 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 21 студзеня ў час наведвання Мінскага аўтамабільнага завода азнаёміўся з рэканструкцыяй аўтобуснай вытворчасці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Аляксандр Лукашэнка агледзеў мадэльны рад пасажырскай тэхнікі МАЗа і наведаў асноўныя ўчасткі зборкі. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што калі прадукцыя будзе якасная, то яе будуць купляць, нягледзячы на вялікую канкурэнцыю на рынку. У адваротным выпадку не дапаможа нават зніжэнне кошту.
"Гэту пляцоўку мы пабудавалі з нуля. Усё абсталяванне ўстаноўлена, працуе, персанал набраны. Тут павінны працаваць 1223 чалавекі. Сёння 431 чалавека пераводзім з дзеючай вытворчасці, далей мы склалі графік: да канца года (1 студзеня 2026 года мы павінны будзем выйсці на стапрацэнтную загрузку гэтага вытворчага комплексу) штат будзе ўкамплектаваны", - далажыў генеральны дырэктар МАЗа Валерый Іванковіч.
"Нядрэнна ж пабудавалі. Умеюць", - ацаніў вытворчую пляцоўку Прэзідэнт. Сам жа тэхналагічны этап Аляксандр Лукашэнка параўнаў з вытворчасцю самалётаў, паколькі тэхніка ствараецца не на канвееры, гэта вельмі тонкая работа, сапраўднае рамяство.
"У нас тут 40 тысяч квадратных метраў. Тут знаходзіцца ўвесь тэхналагічны працэс ад першага элемента, які мы выражам, да гатовага аўтобуса. Цяпер мы ў адным месцы рэжам, у іншым - варым, у трэцім - збіраем, а потым, калі які-небудзь збой з камплектуючымі, транспарт выцягваем на вуліцу незалежна ад умоў надвор'я і зноў зацягваем. А цяпер мы будзем працаваць так, як усе сусветныя кампаніі. Гэта пляцоўка сусветнага ўзроўню, - заявіў Валерый Іванковіч. - У нас тры нарыхтоўчыя лініі, і па іх мы можам весці адразу тры тыпы аўтобусаў. Тое, што ў нас тэхналагічна не атрымоўвалася ў сённяшніх умовах".
"Ва ўсім свеце так ці робаты працуюць?" - удакладніў кіраўнік дзяржавы.
"Робаты працуюць, калі ёсць дзве вызначальныя ўмовы: аднатыпнасць і аб'ём. Мы гэта пытанне прадумвалі. Калі мы выйдзем у вузкую прафілізацыю, то ўсталюем робатаў. Магчымасці дазваляюць", - растлумачыў кіраўнік прадпрыемства.
На прадпрыемстве Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на вытворчасць нарыхтоўчых матэрыялаў. Профільныя трубы на прадпрыемства, напрыклад, пастаўляе Маладзечанскі трубапракатны завод. Там хутка будуць асвойваць і новыя віды прадукцыі. На думку Прэзідэнта, гэты праект мог бы ўвайсці ў дзяржаўную інвестыцыйную праграму.
"Такая прадукцыя з металу нам патрэбна будзе, гэта дэфіцыт нейкі ўжо. Таму вось яшчэ адзін праект. І не трэба выдумляць для дзяржінвестпраграмы нейкія праекты - вось ён. Ім трэба паглыбляцца. І як толькі мы прыйдзем да таго, што нам трэба будзе жалезная руда, вось тады мы будзем за межамі краіны шукаць радовішчы, укладваць грошы і сумесна адліваць зыходныя загатоўкі. Але мы да гэтага яшчэ не прыйшлі. Вось як мы ўпромся ў гэта, я вам падкажу, дзе мы будзем нешта ствараць. Вось так трэба паглыбляцца, а не прыдумваць нейкія завоблачныя тэхналогіі і вырабы", - заявіў беларускі лідар.
Размаўляючы з работнікамі прадпрыемства, Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што цяперашні яго візіт на аўтобусны завод - своеасаблівая праверка таго, наколькі вытворчыя плошчы і спецыялісты гатовы да работы. А ўрачыстая цырымонія адкрыцця новага завода адбудзецца пазней. Арыенцір - знакавая для кожнага беларуса дата, 80-годдзе Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.
"Калі ў вас тут будзе тысяча чалавек, крык і гоман, калі будзе прыемны ляск (гусеніц у вас няма) ключоў, гаек, балтоў, мастоў, каробак перадач… Да мая месяца вы павінны гэта закруціць усё. Паклічаце - я з задавальненнем прыеду, перарэжам стужачку", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
У 2023 годзе МАЗ пачаў рэалізацыю інавацыйнага праекта па рэканструкцыі аўтобуснага завода з будаўніцтвам новага вытворчага корпуса і павелічэннем вытворчых магутнасцей да 3 тыс. адзінак тэхнікі ў год. Праектам прадугледжана стварэнне трох аўтаномных ліній па вытворчасці пасажырскай тэхнікі, будаўніцтва боксаў для дыягностыкі, наладкі і здачы аўтобусаў, арганізацыя спецыялізаванага зварачна-нарыхтоўча-механічнага цэха, стварэнне складской гаспадаркі. Агульныя інвестыцыйныя затратыскладаюць больш за Br300 млн.
Увесці ў эксплуатацыю аўтобусны завод плануецца да красавіка 2025 года. Чакаецца, што гэта дасць магчымасць удвая павялічыць магутнасці МАЗ па вытворчасці пасажырскай тэхнікі, забяспечыць развіццё новага сямейства пасажырскай тэхнікі, нарасціць экспартны патэнцыял да 1,5 тыс. адзінак у год і стварыць 331 новае высокатэхналагічнае і высокапрадукцыйнае працоўнае месца.
За 2024 год Мінскі аўтамабільны завод выпусціў больш як 13,1 тыс. адзінак тэхнікі (пасажырскай - амаль 2 тыс.). Такім чынам, вытворчасць у параўнанні з 2023 годам вырасла на 12 працэнтаў. Пры гэтым на экспарт было пастаўлена амаль 8,8 тыс. адзінак прадукцыі. Выручка прадпрыемства ад рэалізацыі прадукцыі павялічылася на 16,6 працэнта і склала каля Br3,3 млрд. (усяго па холдынгу - звыш Br4 млрд.).-0-