Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
25 студзеня 2023, 10:57

Лукашэнка наведае ААЭ і Зімбабвэ

25 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў бліжэйшыя дні зробіць візіты ў Аб'яднаныя Арабскія Эміраты і Рэспубліку Зімбабвэ. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.

"Па запрашэнні кіраўніцтва Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў і Прэзідэнта Зімбабвэ кіраўнік беларускай дзяржавы ў бліжэйшыя дні наведае з візітам гэтыя краіны. У час візіту ў Прэзідэнта Беларусі запланаваны шэраг сустрэч і перагавораў", - праінфармавалі ў прэс-службе.

Тэму супрацоўніцтва з Эміратамі Аляксандр Лукашэнка ўзнімаў нядаўна ў час наведвання выстаўкі "Беларусь інтэлектуальная". Як вядома, краіны рэалізуюць шэраг маштабных праектаў. Асаблівую цікавасць кіраўніка дзяржавы на выстаўцы выклікалі распрацоўкі ў галіне штучнага інтэлекту. Гэту тэму ён абмяркоўваў раней у ходзе сустрэч з замежнымі партнёрамі, у тым ліку з Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў, якія сур'ёзна займаюцца гэтым напрамкам. І Аляксандр Лукашэнка гатовы дадаткова пасадзейнічаць у развіцці супрацоўніцтва эмірацкага боку з беларускімі партнёрамі: "Мяне запрашаюць у Эміраты. Яны там сур'ёзна займаюцца штучным інтэлектам. Калі патрэбна дапамога, калі ласка, я магу гэта зрабіць. Таму што, як ні дзіўна, я стаяў ля вытокаў работы эміратцаў па штучным інтэлекце. Кітайскія там вучоныя. Яны (эмірацкі бок. - Заўвага БЕЛТА) іх сабралі, грошы далі. Яны сур'ёзна працавалі. І мяне прасілі, каб я дапамог ім працаваць у Беларусі. Я гавару: "Ды гасподзь з вамі , прыязджайце!" Я буду сустракацца з чалавекам, які гэтым займаецца і фінансуе".

У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка нагадаў і аб праекце па будаўніцтве ў Мінску эксперыментальнага шматфункцыянальнага комплексу "Паўночны бераг". "Чаму я на гэта клюнуў: не толькі таму, што там $5 млрд інвестыцый будзе, а яны паабяцалі мне стварыць гэты разумны горад. І там магутную адукацыйную платформу па штучным інтэлекце. Там будзе ўніверсітэт, будзем рыхтаваць людзей, - расказаў кіраўнік дзяржавы. - Калі трэба падтрымка або большыя кантакты з гэтымі людзьмі (яны далёка рушылі наперад у гэтым плане), калі ласка".

У цэлым гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва паміж Беларуссю і ААЭ паступальна развіваецца. Сумесныя інтарэсы і перспектывы супрацоўніцтва ў тым ліку ў такіх сферах, як інвестыцыі, прамысловасць, сельская гаспадарка, банкаўская справа і фінансы, транспарт і лагістыка, адукацыя і навуковыя даследаванні, спорт і турызм.

У 2021 годзе Беларусь прыняла ўдзел у сусветнай выстаўцы "ЭКСПА-2020" у Дубаі. Нацыянальны дзень Беларусі на экспазіцыі быў арганізаваны ў лістападзе. "Беларусь і Аб'яднаныя Арабскія Эміраты звязваюць самыя цесныя адносіны. Гісторыя дыпламатычных сувязей налічвае ўжо больш як 30 гадоў. Сёння ААЭ - важны для нас гандлёвы партнёр у рэгіёне заліва, значны інвестар у беларускую эканоміку. За апошнія пяць гадоў тавараабарот вырас больш як у тры разы. Упэўнена растуць аб'ёмы двухбаковага гандлю паслугамі. Мы і далей будзем імкнуцца да ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва ў сферы гандлю", - адзначыў міністр эканомікі Беларусі Аляксандр Чарвякоў на цырымоніі адкрыцця нацыянальнага дня.

Узаемадапаўняльнасць эканомік Беларусі і ААЭ з'яўляецца спрыяльным фактарам для развіцця гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, адзначыў у снежні 2022 года прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка: "З задавальненнем адзначаю істотны рост аб'ёмаў знешняга гандлю ў гэтым годзе. Неабходна захаваць дасягнутую дынаміку і забяспечыць далейшае павелічэнне тавараабароту" .

Паводле слоў кіраўніка ўрада, Беларусь не толькі імкнецца выкарыстоўваць магчымасці ёмістага рынку ААЭ для экспарту тавараў і паслуг, але таксама выкарыстоўвае транспартна-лагістычныя перавагі паставак сваёй прадукцыі з ААЭ у краіны Блізкага Усходу і Афрыкі. Беларусь разлічвае на сустрэчныя ініцыятывы і эмірацкага бізнесу.

Што датычыцца Зімбабвэ, то з гэтым партнёрам на поўдні Афрыкі Беларусь ужо звязвае працяглая гісторыя адносін. І ў цэлым супрацоўніцтву з краінамі Афрыканскага кантынента ўдзяляецца вялікая ўвага. Напрыклад, Аляксандр Лукашэнка некалькі гадоў таму рабіў візіты ў Егіпет, Судан. Яшчэ раней актыўна развіваліся адносіны з Лівіяй, аднак гэтаму працэсу перашкодзіла грамадзянская вайна і палітычная нестабільнасць у гэтай краіне, якія сталі ў тым ліку вынікам умяшання Захаду.

Узаемныя інтарэсы ёсць і з шэрагам іншых афрыканскіх краін. На нарадзе па прыярытэтах знешняй палітыкі Беларусі летам 2017 года Аляксандр Лукашэнка заявіў аб неабходнасці выпрацоўкі паўнацэннай доўгатэрміновай стратэгіі супрацоўніцтва Беларусі з краінамі Афрыкі. "Неабходна адысці ад практыкі работы ў гэтым напрамку наскокамі, ад візіту да візіту. Трэба мець паўнацэнную доўгатэрміновую стратэгію супрацоўніцтва з краінамі Афрыкі, як у шэрагу супастаўных з Беларуссю еўрапейскіх дзяржаў", - сказаў Прэзідэнт.

З улікам стабільна высокага росту эканомік, якія сталі на шлях развіцця, павышаецца значнасць пашырэння беларускай прысутнасці на афрыканскім рынку. "Мы там працуем, але маштабы трэба пашыраць. Не трэба думаць, што Афрыка - суцэльная беднасць і там плаціць няма чым. Нічога падобнага! Без рэсурсаў гэтага кантынента свет сёння не можа дынамічна развівацца, - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. - Мы не павінны ўпусціць свае магчымасці ў канкурэнтнай барацьбе за афрыканскія рынкі. Тут чакаецца вялікая і напружаная работа".

У чэрвені 2017 года ў Мінску прайшоў першы беларуска-афрыканскі форум "Беларусь і Афрыка: новыя гарызонты". Другое такое мерапрыемства прайшло ўжо ў маі-чэрвені 2021 года. Тады для ўдзелу ў форуме ў Беларусь прыбылі прадстаўнікі дзяржаўных органаў, дзелавых і фінансавых колаў з 13 афрыканскіх дзяржаў - Габона, Егіпта, Кеніі, Марока, Мазамбіка, Намібіі, Рэспублікі Конга, Судана, Танзаніі, Уганды, Эрытрэі, Эфіопіі і ПАР.

Вяртаючыся да Зімбабвэ, трэба адзначыць, што кіраўніцтва гэтай краіны даўно праяўляе цікавасць да супрацоўніцтва з Беларуссю. У гісторыі двухбаковых адносін у тым ліку ёсць візіты на вышэйшым і высокім узроўнях.

Напрыклад, у красавіку 2011 года ў Мінску прымалі віцэ-прэзідэнта Зімбабвэ Джона Нкома. "Мы вельмі хацелі б і, відаць, так і будзе, што з гэтага дня мы пачнём больш інтэнсіўна наладжваць адносіны паміж нашымі краінамі, - адзначыў тады кіраўнік беларускай дзяржавы. - Мы спадзяёмся, што супрацоўніцтва з вашай краінай дасць магчымасць нам пашырыць з вашай тэрыторыі супрацоўніцтва з іншымі дзяржавамі Афрыкі. Няма таго напрамку, тых галін, дзе мы не знайшлі б сумесныя інтарэсы".

Праз некалькі гадоў, у ліпені 2015 года, у Беларусь прыехаў цяперашні лідар Зімбабвэ Эмерсан Мнангагва, які на той момант займаў пасаду віцэ-прэзідэнта. "Думаю, што нашае супрацоўніцтва варта было б пачынаць з канкрэтных праектаў. Няхай іх будзе няшмат. Але гэта будзе сігнал не толькі для прадпрымальнікаў вашай краіны, але і іншых краін, з якімі вы мяжуеце, - сігнал да супрацоўніцтва з нашай краінай. Мы ў гэтым вельмі зацікаўлены", - прапанаваў тады Прэзідэнт Беларусі.

У сваю чаргу Эмерсан Мнангагва заявіў, што зімбабвійскі бок зацікаўлены ў пашырэнні гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння, а таксама супрацоўніцтва ў такіх галінах, як сельская гаспадарка, горназдабыўная прамысловасць, інфраструктура.

У студзені 2019 года Эмерсана Мнангагву сустракалі ў Мінску ўжо як кіраўніка дзяржавы. Беларусь прапанавала Зімбабвэ выбудаваць стратэгію і канкрэтны план развіцця супрацоўніцтва на перспектыву. "Мы вельмі эфектыўна супрацоўнічаем з краінамі Паўночнай Афрыкі, перш за ўсё нашым дружалюбным партнёрам Егіптам, Алжырам, іншымі краінамі. У Цэнтральнай Афрыцы мы супрацоўнічаем з даўніх часоў з Суданам. Мы хацелі б мець вельмі цеснае супрацоўніцтва і з дзяржавамі Паўднёвай Афрыкі. Мы пабывалі ў многіх краінах Афрыкі і бачым вялікі фронт работы для Беларусі ў Зімбабвэ", - заявіў у час перагавораў Аляксандр Лукашэнка.

Тады ж Прэзідэнт Беларусі сказаў, што з вялікім задавальненнем зробіць візіт у Зімбабвэ, але заявіў аб неабходнасці перад гэтым дамовіцца і рэалізаваць там чатыры-пяць канкрэтных праектаў. "Такіх праектаў, якія ўбачыў бы ўвесь зімбабвійскі народ, - адзначыў ён. - Зімбабвэ з'яўляецца нашым важным партнёрам у Паўднёва-Афрыканскім рэгіёне, і мы імкнёмся да паступовага выхаду на найвышэйшы стратэгічны ўзровень супрацоўніцтва. Цяпер адносіны паміж дзвюма краінамі дынамічна развіваюцца. Аднак значны патэнцыял узаемадзеяння шмат у чым яшчэ не рэалізаваны. У бліжэйшыя гады нам трэба будзе гэта зрабіць, асабліва ў сферах гандлю і эканомікі".

У ліку тэм двухбаковага супрацоўніцтва абмяркоўваліся пастаўкі на зімбабвійскі рынак грузавой, аўтобуснай і кар'ернай тэхнікі, іншага абсталявання для горназдабыўной галіны, трактароў, харчовай прадукцыі. Размова таксама ішла аб перспектывах беларускага ўдзелу ў сумесных праектах у сельскай гаспадарцы, будаўніцтве, энергетыцы, геолагаразведцы, здабычы карысных выкапняў, транспартнай сферы. Абмяркоўвалася супрацоўніцтва ў сферах адукацыі і медыцыны.

Эмерсан Мнангагва ў сваю чаргу падкрэсліў, што галоўная мэта для Зімбабвэ ў супрацоўніцтве з Беларуссю - развіццё эканамічных адносін. "У нас выдатныя палітычныя адносіны, якія мы можам прадаўжаць паглыбляць і кансалідаваць. Але яшчэ больш важна працаваць з пытаннямі эканамічнага супрацоўніцтва. Гэта тая мэта, якая стаіць перад Зімбабвэ, - сказаў ён. - Так, у Зімбабве ёсць неасвоеныя рэсурсы ў галіне сельскай гаспадаркі, здабыўной прамысловасці. Але нам не хапае сродкаў і навыкаў, каб асвойваць іх. Для гэтага нам неабходныя дапамога і садзейнічанне нашых сяброў, такіх як Рэспубліка Беларусь. Мы тут з поўнай упэўненасцю ў тым, што атрымаем такую дапамогу, якая дасць нам магчымасць рухацца наперад".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі