
7 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Нацыянальны футбольны стадыён будзе сімвалам моцнай беларуска-кітайскай дружбы. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 7 чэрвеня на цырымоніі ўрачыстага адкрыцця Нацыянальнага футбольнага стадыёна, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мы адкрываем гэта грандыёзнае збудаванне. Для нашай краіны, для Беларусі, гэта найвялікшая падзея. Цудоўная арэна, як і новы басейн міжнароднага ўзроўню, спраектаваны і пабудаваны нашымі сябрамі з Кітайскай Народнай Рэспублікі", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.


Кіраўнік дзяржавы выказаў удзячнасць Старшыні КНР Сі Цзіньпіну, а таксама ўсім кітайскім партнёрам за ўзвядзенне гэтага аб'екта - самага вялікага і сучаснага футбольнага стадыёна Беларусі, які спалучае нацыянальныя традыцыі і перадавыя інжынерныя рашэнні. Асаблівыя словы ўдзячнасці беларускі лідар адрасаваў кітайскім футбалістам і балельшчыкам: "Мы зробім усё, каб вам у Беларусі спадабалася!"
"Я перакананы, гэты стадыён стане яшчэ адным пазнаваемым вобразам нашага горада-героя Мінска, сімвалам моцнай беларуска-кітайскай дружбы", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Нацыянальны футбольны стадыён адпавядае самым высокім сусветным стандартам. "Спадзяюся, у бліжэйшай будучыні разам з таварыскімі гульнямі, матчамі нацыянальнага чэмпіянату мы зможам прымаць тут афіцыйныя міжнародныя сустрэчы і атрымліваць асалоду ад выступлення лепшых футбалістаў свету", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.



Да адкрыцця стадыёна мінчане добраўпарадкавалі прылеглы парк імя 50-годдзя Вялікага Кастрычніка і абнавілі інфраструктуру стадыёна "Трактар". Такім чынам, гэты зялёны куток сталіцы літаральна за пяцігодку ператварыўся ў сучасны спартыўны квартал для аматараў актыўнага адпачынку, заўважыў кіраўнік дзяржавы.


"Але гэта яшчэ не канец. Мы павінны ўкласці тут нямала працы для таго, каб гэты стадыён патанаў у зеляніне і кветках. Такая задача пастаўлена кіраўніцтву горада", - заявіў Прэзідэнт.-0-



















